абме́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абмяшаць. Дзве Таклюсіны памочніцы раскладалі корм свінням, абмешвалі — каму чыстаю ячнаю, аўсянаю або грэцкаю мукою, каму промешкаю, а каму і мякінаю. Колас.
абмі́н, ‑у, м.
Разм. Тое, што і абгон (у 1 знач.).
•••
У абмін (ехаць) — навыперадкі, абмінаючы адзін аднаго.
абміна́цца 1, ‑аецца; незак.
Зал. да абмінаць 1.
абміна́цца 2, ‑аецца; незак.
Зал. да абмінаць 2.
абміна́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абмінуць.
абміна́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абмяць.
абміну́ць, ‑міну, ‑мінеш, ‑міне; ‑мінём, ‑міняце; зак., каго-што.
1. Прайсці, праехаць міма каго‑, чаго‑н. Парашыўшы абмінуць пасёлак, Васіль звярнуў з дарогі, што вяла да Нырчы, і лугам пайшоў напрасцяк да ракі. Краўчанка. // перан. Прапусціць, не звярнуць увагі на што‑н. [Рыгор] не падумаў, як спланаваць прамову, чаго ў ёй чапіць, што абмінуць, якія кінуць лозунгі. Гартны.
2. Не закрануць, не зачапіць. — Было ў мяне такое прадчуванне, Што куля першая не абміне. Пысін.
3. перан.; часцей з адмоўем. Пазбегнуць, унікнуць чаго‑н. Абмінуць бяду. □ Адно мне ясна: завірухі Не абмінуць, не адхіліць. Колас.
4. Рухаючыся хутчэй, абагнаць, апярэдзіць каго‑, што‑н. Як ішлі па садзе [мужчыны], нагналі Міхаіла Палікарпавіча, павіталіся з ім і моўчкі абмінулі яго. Галавач.
абміра́нне, ‑я, н.
Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. абміраць — абмерці.
абміра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абмерці.
абмо́віцца, ‑моўлюся, ‑мовішся, ‑мовіцца; зак.
Памыліцца пры размове, сказаць не тое, што трэба. // Нечакана прыгадаць што‑н. Арцёмава, прыняўшы ўдзел у маіх «росшуках», абмовілася, што яна часта бывае ў шпіталі. Шынклер.
•••
Не абмовіцца (ні адным) словам — нічога не сказаць, змоўчаць.
абмо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. абмок, ‑ла; зак.
Зрабіцца мокрым, змокнуць. Міця з Кардашом абмоклі, але дабеглі да будкі стрэлачніка, схаваліся пад ёй. Навуменка.