Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

адмысло́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць адмысловага. Я стараюся прыслухацца, як працуе матор, але нічога асаблівага не магу распазнаць. Гудзе роўна, настойліва — можа ў гэтым і ёсць яго адмысловасць. Скрыган.

адмысло́вы, ‑ая, ‑ае.

Своеасаблівы, адметны, непаўторны. Адмысловы танцор. □ Палескае неба мае свае адмысловыя найтанчэйшыя адценні. Чорны. Хто б падумаў, здагадаўся, Што ў такіх аковах Быў Тарас багаты скарбам, Скарбам адмысловым. Купала. // Спецыяльны, асобага прызначэння. Адмысловыя прысмакі. □ [Хлопцам] ужо шыюць маткі трусы, рыхтуюць рукзакі, падбіраюць адмысловую посуду. Якімовіч. // Цудоўны, выдатны. Рыбак быў дзядзька наш Антоні, Як і работнік, адмысловы. Колас.

адмы́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад адмыць.

адмы́ўка, ‑і, ДМ ‑мыўцы, ж.

Спец. Дзеянне паводле дзеясл. адмываць — адмыць (у 3 знач.).

адмы́цца, ‑мыюся, ‑мыешся, ‑мыецца; зак.

1. Змыць з сябе бруд, пыл і пад.; памыцца. Адмыцца ад мазуту.

2. Зрабіцца чыстым ад мыцця. Рукі адышліся. // Знікнуць, вывесціся ад мыцця (пра плямы, пахі і пад.).

3. Спец. Ачысціцца ад прымесей прамываннем.

адмы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., што.

1. Мыючы, ачысціць ад чаго‑н.; вымыць. Я толькі цяпер заўважаю на Міхайлавых далонях чорныя крапінкі. Іх не адмылі ні вада, ні час. Даніленка. А маці цэлы экзамен учынілі [жандары], загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. // Мыццём зняць, вывесці (плямы, пахі і пад.). Адмыць чарнільныя плямы. □ Рукі пахнуць травой — лебядой, Сырадоем і кропам. Гэтых пахаў ніякай вадой Не адмыеш ні троху. Гілевіч. // перан. Зняць віну, ганьбу, грэх, вярнуць гонар. [Змітрок:] — Бруд, калі ён зверху, адмываецца, а вось калі душа чорная, яе ніколі не адмыеш! Ваданосаў. Нікому, нават Кастусю, ніколі.. [Толя] аб гэтым не гаварыў. Нічым, здавалася яму, нават тысячай забітых ім фашыстаў, нельга будзе хоць трохі адмыць з яго страшную ганьбу. Брыль.

2. Размываючы плынню, патокам, аддзяліць. Рака адмыла частку берага.

3. Спец. Аддзяліць, ачысціць ад прымесей прамываннем. Адмыць залаты пясок.

адмы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Інструмент, якім замест ключа можна адамкнуць замок. — Прабуй адмычкі, — сказаў Уладзік. Мэндрык забразгаў вязкай дробных жалезін і пачаў прабаваць імі замок. Крапіва.

адмяжо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. адмяжоўваць — адмежаваць і адмяжоўвацца — адмежавацца.

адмяжо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да адмежавацца.

2. Зал. да адмяжоўваць.

адмяжо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да адмежаваць.