адмы́ць, ‑мыю, ‑мыеш, ‑мые; зак., што.

1. Мыючы, ачысціць ад чаго‑н.; вымыць. Я толькі цяпер заўважаю на Міхайлавых далонях чорныя крапінкі. Іх не адмылі ні вада, ні час. Даніленка. А маці цэлы экзамен учынілі [жандары], загадалі ёй вагон звонку адмыць. Лынькоў. // Мыццём зняць, вывесці (плямы, пахі і пад.). Адмыць чарнільныя плямы. □ Рукі пахнуць травой — лебядой, Сырадоем і кропам. Гэтых пахаў ніякай вадой Не адмыеш ні троху. Гілевіч. // перан. Зняць віну, ганьбу, грэх, вярнуць гонар. [Змітрок:] — Бруд, калі ён зверху, адмываецца, а вось калі душа чорная, яе ніколі не адмыеш! Ваданосаў. Нікому, нават Кастусю, ніколі.. [Толя] аб гэтым не гаварыў. Нічым, здавалася яму, нават тысячай забітых ім фашыстаў, нельга будзе хоць трохі адмыць з яго страшную ганьбу. Брыль.

2. Размываючы плынню, патокам, аддзяліць. Рака адмыла частку берага.

3. Спец. Аддзяліць, ачысціць ад прымесей прамываннем. Адмыць залаты пясок.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)