Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абмеркава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абмеркаваць.

абмеркава́ць, ‑мяркую, ‑мяркуеш, ‑мяркуе; зак., што.

Калектыўна абгаварыць што‑н.; прааналізаваць і зрабіць вывады. Яны прыйшлі на з’езд партыйны, Каб вырашыць, абмеркаваць, Як лепш адбудаваць краіну, Заводы новыя узняць. Танк. // На адзіноце дэталёва прадумаць, усё ўлічыць. [Марына Паўлаўна:] — Я не ведаю... Здаецца, усё я абдумала, абмеркавала... Зарэцкі.

абме́рны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для абмеру. Абмерная вяроўка.

абме́рці, абамру, абамрэш, абамрэ; абамром, абамраце; пр. абмёр, ‑мерла; зак.

Разм.

1. Самлець, страціць прытомнасць.

2. Знямець ад нечаканага і моцнага ўзрушэння. Абмерці ад страху. □ І ён [Сотнікаў] на секунду абмёр, разгубіўшыся: па вуліцы хутка ішлі двое з вінтоўкамі. Быкаў. // Спыніцца, замерці (пра сэрца).

абме́ршчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто займаецца абмерваннем чаго‑н.

абме́ршчыца, ‑ы, ж.

Разм. Жан. да абмершчык.

абме́сці, ‑мяту, ‑мяцеш, ‑мяце; ‑мяцём, ‑мецяце, ‑мятуць; пр. абмёў, ‑мяла, ‑мяло; зак., каго-што.

Змятаючы, змахваючы, ачысціць паверхню чаго‑н. (ад пылу, снегу і пад.). Увайшла Адарка, абмяла венікам валёнкі і, зірнуўшы на Хвядоса, сказала: — У кантору ідзі. Шашкоў.

абме́цены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад абмесці.

абме́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абмешваць — абмяшаць.

абме́швацца, ‑аецца; незак.

Зал. да абмешваць.