Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абліцо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. абліцоўваць — абліцаваць.

абліцо́ўвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да абліцоўваць.

абліцо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абліцаваць.

абліцо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абліцоўваць — абліцаваць.

2. Слой будаўнічага матэрыялу, які пакрывае паверхню асноўнага матэрыялу (для трываласці і прыгажосці). Светлая абліцоўка надавала.. [дому] лёгкасць, у гэты дом хацелася зайсці. Шахавец. // Матэрыял, якім абліцоўваюць. Керамічная абліцоўка.

абліцо́ўшчык, ‑а, м.

Рабочы, які абліцоўвае што‑н.

абліцо́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да абліцоўшчык.

аблі́цца, абальюся, абальешся, абальецца; абальёмся, абальяцеся і абліюся, абліешся, абліецца; абліёмся, абліяцеся; заг. абліся; зак.

1. Абліць сябе чым‑н. Абліцца халоднай вадой. Абліцца чарнілам.

2. перан. Ахапіцца, напоўніцца (святлом, пахамі, адчуваннямі і пад.). — Тут я заўважыў, што неба за лесам аблілося зарывам. Чорны. Нейкім салодкім цяплом на хвіліну аблілося сэрца. Чарнышэвіч.

•••

Абліцца (халодным, сцюдзёным) потам — ад страху, перапалоху пакрыцца потам. Праз хвіліну.. [Сотнікаў] засопся, абліўся сцюдзёным потам і спыніў свае намаганні. Быкаў.

Абліцца слязьмі — горка заплакаць. Засвяці ж ты, вясна, Сваім бляскам для нас Засвяці, калі мы Абліёмся слязьмі. Купала.

аблі́ць, абалью, абальеш, абалье; абальём, абальяце і аблію, абліеш, абліе; абліём, абліяце; заг. аблі; зак., каго-што.

1. Намачыць, разліўшы што‑н. Абліць настольнік чарнілам. // Абдаць, паліць чым‑н. з усіх бакоў ці зверху. [Барташэвіч:] — З мяне ў снег сцякала вада і валіла пара, быццам маю вопратку абліў хто варам. Карпюк.

2. перан. Ахапіць, абдаць, напоўніць (святлом, пахам і пад.). Гарачае сонца прыветна пазірала, з неба на горад і роўна грэла і аблівала сваім цяплом і святлом. Колас.

•••

Абліць памыямі (граззю) — незаслужана зняважыць, абняславіць каго‑н.

Як халоднай вадой абліць — збянтэжыць, астудзіць чый‑н. запал.

аблі́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад аблічыць.

аблі́чванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. аблічваць — аблічыць.