абвіну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што чым.
Абгарнуць (у 2 знач.), ахінуць, абкруціць. // перан. Абкружыць, абступіць. Яны [лугі] падступаюць да самых гародаў, да вішнёвых прысад, што вянком абвінулі амаль кожную вясковую сядзібу. Шашкоў.
абвіса́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абвіснуць.
абві́сласць,
Уласцівасць і стан абвіслага. Абвісласць шчок.
абві́слы, ‑ая, ‑ае.
Які навіс, апусціўся, звесіўся. Коркія маўчаў і торгаў свой абвіслы пасівелы вус. Самуйлёнак.
абві́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. абвіс, ‑ла; зак.
Павіснуўшы, апусціцца ўніз. Панура абвіслі да самай зямлі абледзянелыя галінкі хвоек. Шамякін. Правае крылца птушаняці, сапраўды, абвісла і не варушылася. Якімовіч. // Павіснуць ад знямогі. У Міколы на руцэ абвіс Яначка. Крапіва. // Выцягнуцца, стаць даўжэйшым (пра вопратку). Падкладка паліто абвісла.
абві́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад абвіць.
абві́ўка, ‑і, ДМ ‑віўцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. абвіваць — абвіць (у 1 знач.).
абві́цца, абаўюся, абаўешся, абаўецца; абаўяцеся; пр. абвіўся, ‑вілася, ‑вілося; зак.
1. Абкруціцца вакол чаго‑н.; абвіць сабой што‑н. Пуга абвілася вакол задняй нагі ваўка, і я не змог яе ўтрымаць у руцэ. Ляўданскі. // Абняць, абхапіць (пра рукі). Дзіцячыя ручкі абвіліся вакол матчынай шыі.
2. Пакрыцца, абвіць сябе чым‑н. Абаўецца навокал зямля Да бляскату ў яркую зелень. Астрэйка. // Ахутацца, абвалачыся чым‑н. (дымам, туманам і пад.). Сена палыхнула агнём, і стажок абвіўся жаўтавата-сінім дымам. Колас.
абві́ць, абаўю, абаўеш, абаўе; пр. абвіў, ‑віла, ‑віло; зак., каго-што.
1. Абматаць што‑н. чым‑н. або што‑н. вакол чаго‑н. Абвіць провад ізаляцыйнай стужкай. // Апаясаць; акружыць. На галоўцы вянок з сініх васілёчкаў, А чырвон паясок Стан абвіў дзявочы. Купала. [Ручай] То заскочыць у гай, То курган абаўе, Дзе сярдзіта бубніць, Дзе лагодна пяе. Колас.
2. Размяшчаючыся вакол, па паверхні чаго‑н., заплесці, пакрыць сабой (пра расліны). Абвіла яго [сына] таполя Каранямі, Атуліла маладзенькімі Лістамі. Танк. На мужычым полі Цягнецца палоска... Зелле яе глушыць, Абвіла бярозка. Колас. // перан. Ахутаць, абвалачы, ахапіць з усіх бакоў (пра дым, туман і пад. Полымя зараз жа ўзнялося да палавіны лесу, абвіло яго сукі і галіны. Колас. // перан. Авалодаць, ахапіць, паланіць (пра пачуцці, перажыванні, жаданні і пад.). Ідзе жыццё чародкай казкай, Душу абвіў цудоўны чар, На свет глядзяць з вясёлай ласкай Дзяўчына, хлопец, мал і стар. Купала. Ты, рачулка, шнурочак Дняпра, Гэты лес ціхім смуткам абві. Пысін.
3. Абхапіць, абняць рукамі. Хлопчык абвіў бацькаву шыю і нечакана моцна сціснуў яе. Карпаў.
абво́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Лінія, паласа, праведзеная вакол чаго‑н.
2. Лінія ўмацаванняў вакол чаго‑н. Абарончы абвод.
3. звычайна мн. (абво́ды, ‑аў). Вонкавыя абрысы корпуса судна.