снег, -у, М сне́зе, мн. снягі́, -о́ў, м.
Атмасферныя ападкі ў выглядзе крышталікаў лёду, а таксама суцэльная маса такіх ападкаў, што пакрывае зямлю.
Выпаў першы с.
○
Вечныя снягі — снег на вяршынях высокіх гор.
◊
Патрэбен як леташні снег — зусім не патрэбен (разм., неадабр.).
Як снег на галаву — раптоўна, нечакана (разм.).
|| памянш. сняжо́к, -жку́, м.
|| прым. снегавы́, -а́я, -о́е і сне́жны, -ая, -ае.
Снегавая хатка (зробленая са снегу). Снегавая нагрузка (нагрузка на будынкі, якую стварае снежнае покрыва). Снежныя заносы.
Снежная белізна (падобная на снег).
снега...
Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: які мае адносіны да снегу, напр.: снегаачыстка, снегазатрыманне, снегалавінны, снегаўборачны.
снегаахо́ва, -ы, ж.
Ахова чыгунак, дарог і пад. ад снежных заносаў.
|| прым. снегаахо́ўны, -ая, -ае.
снегаачышча́льнік, -а, мн. -і, -аў, м.
Машына для ачысткі вуліц, дарог ад снегу, снежных заносаў.
снегаві́к, -а́, М -у́, мн. -і́, -о́ў, м.
Тое, што і снегавая баба (гл. баба).
снегазатрыма́нне, -я, н.
Штучнае затрыманне снегу на палях для накаплення вільгаці ў глебе.
снегапагру́зчык, -а, мн. -і, -аў, м.
Машына для пагрузкі ў кузаў грузавіка снегу.
снегапа́д, -у, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.
Выпадзенне снегу ў вялікай колькасці.
снегаўбо́рачны, -ая, -ае.
Які служыць для ўборкі снегу.
Снегаўборачная тэхніка.