змяі́цца, 1 і 2 ас. не ўжыв., змяі́цца; незак.
Выгінацца, цягнуцца звілістай лініяй.
Між кустоў змяілася сцежка.
змя́клы, -ая, -ае.
Які змяк, страціў першапачатковую цвёрдасць, пругкасць.
Змяклая гліна.
змя́кнуць, -ну, -неш, -не; змяк, -кла; -ні; зак.
1. Стаць мяккім, размякнуць.
Кардон на дажджы змяк.
2. Тое, што і размякнуць (у 2 знач.).
Як прыйшло да справы, ён зусім змяк.
змякча́льны, -ая, -ае.
Які надае мяккасць скуры, слізістым абалонкам.
З. крэм.
|| наз. змякча́льнасць, -і, ж.
змякчы́цца, -чу́ся, -чы́шся, -чы́цца; -чы́мся, -чыце́ся, -ча́цца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш мяккім, эластычным.
Скура змякчылася.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.) перан. Аслабець, зменшыцца.
Боль змякчыўся.
Гнеў змякчыўся.
3. перан. Стаць менш суровым.
Бацька змякчыўся.
Сэрца змякчылася.
|| незак. змякча́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
|| наз. змякчэ́нне, -я, н.
змякчы́ць, -чу́, -чы́ш, -чы́ць; -чы́м, -чыце́, -ча́ць; змя́кчаны; зак.
1. што. Зрабіць больш мяккім, эластычным.
З. скуру.
2. перан., што. Аслабіць, зменшыць.
З. удар.
З. боль.
З. прыгавор.
3. перан., каго (што). Зменшыць чыю-н. суровасць, зрабіць больш мяккім, лагодным.
З. суровага бацьку.
|| незак. змякча́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
|| наз. змякчэ́нне, -я, н.
змяне́нне, -я, н.
1. гл. змяніцца, змяніць.
2. мн. -і, -яў. Папраўка, пераробка, якая мяняе што-н. ранейшае.
Змяненні ў правапісе.
Карэнныя змяненні ў жыцці грамадства.
змяні́цца, змяню́ся, зме́нішся, зме́ніцца; зак.
1. Стаць іншым.
Жыццё ў вёсцы змянілася.
З. з твару (пра перамену ў выразе твару).
2. Замяніцца другім, другімі (на якой-н. пасадзе, месцы).
За апошні час тут змяніліся тры старшыні калгаса.
3. Вызваліцца ад абавязкаў, якія выконваюцца пазменна.
З. з дзяжурства.
4. Змяніць на сабе бялізну, адзенне (разм.).
Не было ў што з. (безас.).
|| незак. зме́ньвацца, -аюся, -аешся, -аецца.
|| наз. змяне́нне, -я, н. (да 1 і 2 знач.) і зме́на, -ы, ж.
змяні́ць, змяню́, зме́ніш, зме́ніць; зме́нены; зак.
1. каго-што. Зрабіць інакшым.
З. канструкцыю машыны.
2. каго-што. Замяніць другім.
З. кіраўніка аддзела.
З. работу.
3. каго (што). Пачаць дзейнічаць замест другога, заняўшы чыё-н. месца.
З. дазорных.
4. каго-што. З’явіцца ўслед за кім-, чым-н., замяняючы сабой каго-, што-н.
Лета змяніла вясну.
5. што. Пачаць карыстацца чым-н. замест чаго-н. іншага, перамяніць.
З. бялізну.
|| незак. змяня́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е і зме́ньваць, -аю, -аеш, -ае.
|| наз. змяне́нне, -я, н. (да 1 знач.) і зме́на, -ы, ж.