Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

звя́га, -і, ДМ звя́зе, ж. (разм.).

1. Надакучлівы брэх (сабакі).

Воўк сабакі не баіцца, але звягі не любіць (прыказка).

2. Назойлівае прыставанне з просьбамі, напамінамі, патрабаваннямі.

звя́гаць, -аю, -аеш, -ае; незак. (разм.).

1. Надакучліва гаўкаць (пра сабаку).

2. Назойліва прасіць, напамінаць, патрабаваць.

звяглі́вы, -ая, -ае (разм.).

1. Вісклівы (пра сабаку).

2. Які дакучае назойлівымі просьбамі, напамінаннямі, патрабаваннямі.

|| наз. звяглі́васць, -і, ж.

звядзе́нне гл. звесці.

звя́зак, -зка, мн. -зкі, -зкаў, м.

Тое, што і звязка (у 1 знач.).

З. ключоў.

звя́заны, -ая, -ае.

1. Пазбаўлены свабоды, лёгкасці.

Звязаныя рухі.

2. Такі, праяўленне якога абумоўлена чым-н. (спец.).

Звязаныя хістанні.

|| наз. звя́занасць, -і, ж.

звяза́цца, звяжу́ся, звя́жашся, звя́жацца; звяжы́ся; зак.

1. з кім-чым. Устанавіць сувязь, зносіны з кім-, чым-н.

З. па тэлефоне.

2. з кім-чым. Устанавіць якія-н. (пераважна заганныя) адносіны з кім-н.

З. з нягоднікам.

3. з чым. Узяцца за што-н. (цяжкае або заганнае).

З. з непасільнай працай.

|| незак. звя́звацца, -аюся, -аешся, -аецца.

Не трэба з забіякамі з.

звяза́ць, звяжу́, звя́жаш, звя́жа; звяжы́; звя́заны; зак.

1. гл. вязаць.

2. што. Завязваючы, злучыць адно з адным.

З. канцы вяровак.

З. платы.

З. сноп.

Двух слоў не звяжа (перан.: дрэнна перадае свае думкі).

3. каго-што. Злучыць, устанавіць сувязь, зносіны, блізкасць, агульнасць паміж кім-, чым-н.

З. партызан з падполлем.

З. свой лёс з кім-н. Сябры звязаны на ўсё жыццё.

З. вёску тэлефоннай сувяззю з райцэнтрам.

4. толькі дзеепрым. зал. прош., з чым. Пра дзеянне, якое цягне за сабой што-н., звязана з чым-н.

Паездка звязана са значнымі расходамі.

5. толькі дзеепрым. зал. прош., з кім-чым. Пра тое, што з’яўляецца блізкім каму-, чаму-н., непасрэдна адносіцца да каго-, чаго-н.

Беражом усё, што звязана з яго памяццю.

Асабістыя інтарэсы звязаны з грамадскімі.

6. што з чым. Устанавіць, адкрыць сувязі, залежнасць паміж чым-н.

З. адну з’яву з другой.

7. каго-што. Пазбавіць свабоды дзеянняў, дзейнасці, абмежаваць чым-н.

З. каго-н. па руках і нагах (пазбавіць свабоды ўчынкаў). З. ініцыятыву мас.

З. сябе абяцаннем.

8. што. Змацаваць вяжучым рэчывам ці пры дапамозе рубкі (спец.).

З. гальку вапнай.

З. кроквы.

|| незак. звя́зваць, -аю, -аеш, -ае (да 2, 3, 6—8 знач.).

звя́зка, -і, ДМ -зцы, мн. -і, -зак, ж.

1. Некалькі аднародных прадметаў, звязаных разам.

З. ключоў.

З. кніг.

2. Сухажылле, якое змацоўвае асобныя часткі шкілета, асобныя органы цела.

Расцяжэнне звязак.

Галасавыя звязкі.

3. У граматыцы: дапаможнае слова, якое ўтварае частку выказніка.

|| прым. звя́зачны, -ая, -ае (да 3 знач.) і звя́зкавы, -ая, -ае (да 2 знач.).

звя́зны, -ая, -ае.

Добра і паслядоўна выказаны, лагічна стройны.

Звязнае выступленне.

Адказаць звязна (прысл.).

|| наз. звя́знасць, -і, ж.