Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

бор¹, -у, М у бары́, мн. бары́, -о́ў, м.

Стары сасновы лес.

Векавы б.

Карабельны бор — высокі, прыгодны для суднабудавання сасновы бор.

|| прым. баравы́, -а́я, -о́е.

Б. край.

бор², -у, м.

Хімічны элемент, які ўваходзіць у склад многіх мінералаў.

|| прым. бо́рны, -ая, -ае.

Борная кіслата — хімічнае злучэнне, бясколернае крышталічнае рэчыва, якое ўжыв. ў тэхніцы і медыцыне.

бор³, -а, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

Свердзел са стальной, алмазнай або карбарундавай галоўкай, які выкарыстоўваецца ў зубалячэбнай, ювелірнай справе і пад.

бо́рзды, -ая, -ае.

Хуткі, жвавы.

Б. конь.

|| наз. бо́рздасць, -і, ж.

бормашы́на, -ы, мн. -ы, -шы́н, ж. (спец.).

Апарат для свідравання ў стаматалогіі, ювелірнай справе і пад.

борт, -а, М -рце, мн. барты́, барто́ў, м.

1. Бакавая сценка марскога або рачнога судна, самалёта.

Кінуць за б.

Апынуцца (аказацца) за бортам (таксама перан.: аказацца выключаным з якой-н. справы).

2. Сценка кузава грузавога аўтамабіля, адкрытага таварнага вагона і пад.

Барты грузавіка.

3. Левы або правы край адзення (паліто, пінжака і пад.) з петлямі або гузікамі для зашпільвання.

|| памянш. бо́рцік, -а, мн. -і, -аў, м. (да 2 і 3 знач.).

|| прым. бартавы́, -а́я, -о́е.

борт...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: які знаходзіцца на борце самалёта, абслугоўвае самалёт або пасажыраў самалёта, напр.: бортінжынер, бортправадніца.

бортжурна́л, -а, мн. -ы, -аў, м.

Журнал (у 1 знач.), які вядзецца ў час палёту на самалёце, касмічным караблі.

бортмеха́нік, -а, мн. -і, -аў, м.

Член лётнага экіпажа (самалёта, верталёта і пад.), які адказвае за стан і работу матораў, абсталявання, прыбораў.

бо́ртнік, -а, мн. -і, -аў, м. (уст.).

Той, хто займаецца бортніцтвам; пчаляр.

|| прым. бо́ртніцкі, -ая, -ае.