Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

урага́н, -у, мн. -ы, -аў, м.

Вецер разбуральнай сілы.

Па Палессе прайшоў у.

У. вайны (перан.). Пранесціся ўраганам (перан.: імкліва).

|| прым. урага́нны, -ая, -ае.

Вецер ураганнай сілы.

У. абстрэл (бесперапынны, моцны на працягу значнага часу).

ура́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

Вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган дзяржаўнай улады ў краіне.

Беларускі ў.

|| прым. ура́давы, -ая, -ае.

Урадавая камісія.

ураджа́й, -ю, мн. -і, -яў, м.

1. Колькасць збожжа, пладоў, раслін, якая ўрадзілася, вырасла.

Сабраць у.

Добры ў. садавіны.

2. Вялікая колькасць збожжа, пладоў, раслін, якая ўрадзілася.

Калі добра ўзарэш, то і ў. збярэш (прыказка). На дзяўчат у. (перан.: вельмі многа; жарт.).

|| прым. ураджа́йны, -ая, -ае (да 2 знач.).

Ураджайныя гатункі пшаніцы.

ураджа́йнасць, -і, ж.

Узровень ураджаю (у 1 знач.) з пэўнай плошчы пасеву.

Павелічэнне ўраджайнасці бульбы.

ураджэ́нец, -нца, мн. -нцы, -нцаў, м.

Чалавек родам з пэўнай мясцовасці, краіны і пад.

У.

Случчыны.

|| ж. ураджэ́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак.

урадзі́цца, ураджу́ся, уро́дзішся, уро́дзіцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пра плады, злакавыя расліны і пад.: вырасці, паспець.

Добры авёс урадзіўся.

2. якім і ў каго. Аказацца з якімі-н. якасцямі, асаблівасцямі ад нараджэння; нарадзіцца падобным на каго-н. (разм.).

Такім ён ужо ўрадзіўся.

У. ў бацьку.

урадзі́ць, 1 і 2 ас. не ўжыв., уро́дзіць; зак.

Даць ураджай, плады.

Жыта добра ўрадзіла.

Не ўрадзіў мак — перабудзем і так.

урадлі́васць, -і, ж.

1. Здольнасць забяспечваць расліны пажыўнымі рэчывамі, даваць ураджай.

У. глебы.

2. Тое, што і ураджайнасць.

Павысіць у. ільну.

урадлі́вы, -ая, -ае.

1. Які вызначаецца ўрадлівасцю (у 1 знач.).

Урадлівая глеба.

2. Які характарызуецца багатым ураджаем.

У. год.

ура́днік, -а, мн. -і, -аў, м.

1. У царскай арміі: казацкі унтэр-афіцэр.

2. У царскай Расіі: ніжэйшы чын павятовай паліцыі.

|| прым. ура́дніцкі, -ая, -ае.