Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

упе́рад.

1. прысл. У напрамку перад сабой, у напрамку паступальнага руху.

Зрабіць два крокі ў.

У., да новых перамог!

Рухаць навуку ў. (перан.). Крок у. (перан.: поспех у чым-н.).

2. прысл. Спярша, раней, раней за каго-, што-н.; некалі, даўней.

У. падумай, а потым гавары.

Ён управіўся з заданнем у. за мяне.

Тут у. было зусім па-іншаму.

3. прысл. У лік будучага, авансам.

Узяць грошы за месяц у.

4. прыназ. з Р. Раней за каго-н.

Не лезь у. бацькі ў пекла (прымаўка пра непатрэбную паспешлівасць).

упе́радзе, прысл.

1. (таксама прыназ. з Р). На якой-н. адлегласці перад кім-, чым-н.

Ісці ў.

Ісці ў. ўсіх.

2. У будучым.

У дзяцей усё ў.

упераме́жку, прысл.

Папераменна чаргуючыся, перамяжоўваючыся.

упераме́шку, прысл. (разм.).

У перамяшаным выглядзе, у беспарадку.

Елкі раслі ў. з лісцёвымі дрэвамі.

упе́рці, упру́, упрэ́ш, упрэ́; упро́м, упраце́, упру́ць; упёр, упе́рла; упры́; упёрты; зак.

1. што. З цяжкасцю ўпхнуць, уціснуць у што-н. (разм.).

У. рэчы ў чамадан.

2. што ў што. Унесці (што-н. цяжкае, грувасткае; разм.).

У. мяшок з бульбай у сенцы.

3. што ў што. Шчыльна прыціснуць да чаго-н.

У. жэрдку ў сцяну.

У. рукі ў бокі.

4. перан., каго-што. Навязаць каму-н., прымусіць насільна ўзяць што-н. (разм.).

У. бракаваны прыёмнік.

5. перан., што. Патраціць, выдаткаваць (сродкі, грошы; разм.).

У. сто рублёў.

|| незак. упіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. упо́р, -у, м. (да 3 знач.).

упе́рціся, упру́ся, упрэ́шся, упрэ́цца; упро́мся, упраце́ся, упру́цца; упёрся, упе́рлася; упры́ся; зак.

1. чым у што. Уперці канец якога-н. прадмета для апоры, супраціўлення, адштурхвання.

У. рукамі ў сцяну.

У. вяслом у дно.

2. у каго-што. У час руху наткнуцца на каго-, што-н., выявіць якую-н. перашкоду.

Мы ехалі, ехалі і ўпёрліся ў плот.

Справа ўпёрлася ў непрадбачаную цяжкасць (перан.).

3. перан., на чым і без дап. Упарта не згадзіцца з чым-н., на што-н.; занаравіцца (пра жывёл).

Упёрся на сваім.

Конь упёрся і ні з месца.

4. З цяжкасцю або без дазволу ўвайсці куды-н.; улезці ў што-н. (разм.).

Упёрся ў хату з бруднымі нагамі.

Уперліся ў багну.

|| незак. упіра́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца (да 1—3 знач.).

|| наз. упо́р, -у, м. (да 1 знач.).

упершыню́, прысл.

Першы раз.

У. такое бачу.

упіва́цца¹ гл. упіцца¹.

упіва́цца² гл. упіцца².

упі́кі, -аў.

Папрокі, абвінавачанні, выказаныя каму-н.