Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

пя́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

1. Тое, што і пята (у 1 знач.).

Пераступаць з наскоў на пяткі.

Паказаць (падмазаць) пяткі (таксама перан.: хутка пабегчы, уцячы). Пяткі лізаць каму-н. (падхалімнічаць перад кім-н.; разм., пагард.). Толькі пяткі блішчаць або заблішчалі (перан.: пра хуткі бег).

2. Тое, што і пята (у 2 знач.; спец.).

|| прым. пя́тачны, -ая, -ае.

пятлі́ца, -ы, мн. -ы, -ліц, ж.

1. Абкідная або нашыўная пятля на верхняй вопратцы.

Стужачка ў пятліцы фрака.

2. Каляровая падоўжаная нашыўка на каўняры форменнага адзення.

|| памянш. пятлі́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак, ж.

|| прым. пятлі́чны, -ая, -ае.

пятля́, -і́; мн. пе́тлі і (зліч. 2, 3, 4) пятлі́; пе́тляў, ж.

1. Складзены і завязаны кальцом канец вяроўкі, шнурка і пад., а таксама сагнутая кальцом частка ніткі пры пляценні, вязанні.

Завязаць пятлю. П. на панчосе.

2. перан. Ужыв. для сімвалічнага абазначэння пакарання смерцю праз павешанне ці для абазначэння такога бязвыхаднага становішча, пры якім можна толькі павесіцца.

П. на яго трэба!

Хоць у пятлю лезь (пра бязвыхаднае становішча). Шукаць пятлі на шыю (таксама перан.: лезці ў небяспечныя, рызыкоўныя справы).

3. Лінія, кругавы рух у выглядзе замкнутай або паўзамкнутай крывой.

Апісаць пятлю.

Мёртвая п. (фігура найвышэйшага пілатажу — палёт па замкнутай крывой у вертыкальнай плоскасці). Петлі заечых слядоў.

4. Тое, што і сіло.

5. Праразная адтуліна ў адзенні для зашпільвання (гузіка, запінкі), а таксама засцежка з тонкага шнурка, дроціка.

Абкідаць петлі.

6. Дзве планкі на шарніры, якія служаць для прымацавання створкі, дзвярэй.

Павесіць дзверы на петлі.

|| памянш. пяце́лька, -і, ДМ -льцы, мн. -і, -лек, ж. (да 1, 5 і 6 знач.).

|| прым. пяце́льны, -ая, -ае (да 1, 3, 4, 5 і 6 знач.).

Пяцельнае шво.

пятля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е; незак. (разм.).

Ісці, рухацца не прама, робячы петлі (у 3 знач.).

Веласіпедыст пятляе.

пятна́ццаць, -і, ліч.

Лік і колькасць 15.

|| парадк. пятна́ццаты, -ая, -ае.

пя́тніца, -ы, мн. -ы, -ніц, ж.

Пяты дзень тыдня.

Сем пятніц на тыдні ў каго-н. (пра таго, хто часта мяняе думкі, рашэнні; жарт.). Серада з-пад пятніцы відаць (з-пад верхняга адзення відаць ніжняе; разм., жарт.)

|| прым. пя́тнічны, -ая, -ае.

пято́к, -тка́, м. (разм.).

Пяць аднолькавых прадметаў.

П. бульбін.

пятру́шка, -і, ДМ -шцы, ж.

Агародная расліна, корань і лісце якой ужыв. як прыправа да страў.

|| прым. пятру́шкавы, -ая, -ае.

пятрэ́ць, -э́ю, -э́еш, -э́е; незак. (разм.).

1. Сохнуць, высыхаць (на сонцы, ветры і пад.).

На полі пятрэе салома.

2. Станавіцца чахлым.

П. ад сухот.

пя́ты, -ая, -ае.

1. гл. пяць.

2. Які атрымліваецца пры дзяленні на пяць.

Пятая частка.

3. у знач. наз. пя́тая, -ай, ж. Пятая частка чаго-н.

Адна пятая.