пятля́, -і́; мн. пе́тлі і (зліч. 2, 3, 4) пятлі́; пе́тляў, ж.
1. Складзены і завязаны кальцом канец вяроўкі, шнурка і пад., а таксама сагнутая кальцом частка ніткі пры пляценні, вязанні.
Завязаць пятлю. П. на панчосе.
2. перан. Ужыв. для сімвалічнага абазначэння пакарання смерцю праз павешанне ці для абазначэння такога бязвыхаднага становішча, пры якім можна толькі павесіцца.
П. на яго трэба!
Хоць у пятлю лезь (пра бязвыхаднае становішча). Шукаць пятлі на шыю (таксама перан.: лезці ў небяспечныя, рызыкоўныя справы).
3. Лінія, кругавы рух у выглядзе замкнутай або паўзамкнутай крывой.
Апісаць пятлю.
Мёртвая п. (фігура найвышэйшага пілатажу — палёт па замкнутай крывой у вертыкальнай плоскасці). Петлі заечых слядоў.
4. Тое, што і сіло.
5. Праразная адтуліна ў адзенні для зашпільвання (гузіка, запінкі), а таксама засцежка з тонкага шнурка, дроціка.
Абкідаць петлі.
6. Дзве планкі на шарніры, якія служаць для прымацавання створкі, дзвярэй.
Павесіць дзверы на петлі.
|| памянш. пяце́лька, -і, ДМ -льцы, мн. -і, -лек, ж. (да 1, 5 і 6 знач.).
|| прым. пяце́льны, -ая, -ае (да 1, 3, 4, 5 і 6 знач.).
Пяцельнае шво.