уманці́раваць, -рую, -руеш, -руе; -руй; -раваны; зак., што (спец.).
Манціруючы, уставіць.
У. датчык.
умата́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак.
1. каго-што. Абматаць, апавіць некалькі разоў.
У. пакунак шпагатам.
2. што. Матаючы (ніткі) у клубок, заматаць унутр што-н. пабочнае.
У. напарстак у клубок.
3. што і чаго. Намотваючы, змясціць у чым-н., на чым-н.
Вялікага матка ў адзін клубок не ў.
|| незак. умо́тваць, -аю, -аеш, -ае.
умаўча́ць, -чу́, -чы́ш, -чы́ць; -чы́м, -чыце́, -ча́ць; -чы́; зак., аб чым або пра што.
Тое, што і умоўчаць.
У. аб недахопах.
|| наз. умаўча́нне, -я, н.
умацава́нне, -я, н.
1. гл. умацавацца, умацаваць.
2. мн. -і, -яў. Абарончае збудаванне.
Падземныя ўмацаванні.
умацава́цца, -цу́юся, -цу́ешся, -цу́ецца; -цу́йся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш моцным, устойлівым.
Бераг умацаваўся.
Перасаджанае дрэва ўмацавалася ў новым грунце.
2. Размясціцца, стварыўшы сабе абарончыя збудаванні.
Часць умацавалася на новым месцы.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаць больш моцным, здаровым, трывалым.
Нервы ўмацаваліся.
Здароўе ўмацавалася.
Яго становішча ўмацавалася.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Стаць цвёрдым, устойлівым, усталявацца, устанавіцца.
Гаспадаркі ўмацаваліся.
|| незак. умацо́ўвацца, -аюся, -аешся, -аецца.
|| наз. умацава́нне, -я, н.
умацава́ць, -цу́ю, -цу́еш, -цу́е; -цу́й; -цава́ны; зак.
1. што. Зрабіць мацнейшым, больш устойлівым.
У. дамбы.
2. што. Стварыць абарончыя збудаванні дзе-н., забяспечыць сродкамі абароны.
У. подступы да горада.
3. каго-што. Зрабіць больш моцным, здаровым, стойкім.
Добрае харчаванне і свежае паветра ўмацавалі хворага.
У. нервы.
У. здароўе.
4. перан., што. Зрабіць надзейным, цвёрдым, устойлівым.
У. сваё становішча.
У. дысцыпліну.
|| незак. умацо́ўваць, -аю, -аеш, -ае; наз. умацо́ўванне, -я, н.
|| наз. умацава́нне, -я, н.
|| прым. умацава́льны, -ая, -ае.
Умацавальныя адкосы.
Умацавальныя збудаванні.
уме́лец, -льца, мн. -льцы, -льцаў, м.
Умелы працаўнік, майстар.
Народны ў.