Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

праката́ць¹, -а́ю, -а́еш, -а́е; -а́ны; зак., што (спец.).

Падвергнуць пракатцы.

П. жалеза.

|| незак. прака́тваць, -аю, -аеш, -ае.

праката́ць², -а́ю, -а́еш, -а́е; зак., каго (што).

1. Тое, што і пракаціць (у 2 знач.).

2. Пакатаць які-н. час.

П. дзве гадзіны дзяцей на лодцы.

|| незак. прака́тваць, -аю, -аеш, -ае (да 1 знач.).

прака́тваць гл. пракатаць¹-2 і пракаціць.

прака́тка, -і, ДМ -тцы, ж.

Гарачая апрацоўка металу шляхам абціскання паміж вярчальнымі валамі ў асобных станах для надання яму патрэбнай формы, профілю.

П. труб.

|| прым. прака́тны, -ая, -ае.

П. стан.

прака́тчык, -а, мн. -і, -аў, м.

Рабочы, спецыяліст па пракатцы.

пракаці́цца, -качу́ся, -ко́цішся, -ко́ціцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Перамясціцца куды-н. коцячыся.

Сляза пракацілася па твары.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Раздацца (пра раскацістыя гукі).

Пракаціўся гром.

3. Праехацца для забавы, з’ездзіць куды-н. ненадоўга.

П. на самакаце.

|| незак. прако́чвацца, -аецца (да 1 і 2 знач.).

пракаці́ць, -качу́, -ко́ціш, -ко́ціць; -ко́чаны; зак.

1. што. Перамясціць коцячы.

П. бочку.

2. каго. Правесці для забавы.

П. на машыне.

3. Хутка праехаць (разм.).

Нехта пракаціў на веласіпедзе.

Пракаціць на вараных (уст.) — не выбраць, праваліць на выбарах [першапачаткова, пры балаціроўцы шарамі, пакласці чорныя, нявыбарчыя шары].

|| незак. прака́тваць, -аю, -аеш, -ае (да 1 і 3 знач.) і прако́чваць, -аю, -аеш, -ае (да 1 і 3 знач.).

пракача́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разгладзіцца качалкай, качалкамі.

Бялізна добра пракачалася.

2. Правесці які-н. час лежачы, качаючыся.

П. на канапе паўдня.

прака́шляць, -яю, -яеш, -яе; зак.

1. што. Кашляючы, ачысціць горла ад чаго-н.

П. макроту.

2. Падвергнуцца прыступам кашлю на працягу якога-н. часу.

Пракашляў усю ноч.

|| незак. прака́шліваць, -аю, -аеш, -ае (да 1 знач.).

праква́сіцца, 1 і 2 ас. не ўжыв., -а́сіцца; зак.

Скіснуць (у 1 знач.).

|| незак. праква́швацца, -аецца.