убро́д, прысл.
Па дне ў мелкім месцы, не ўплаў.
Перайсці раку ў.
убрыкну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́; зак., каго (што).
Ударыць, выцяць задняй нагой ці абедзвюма заднімі нагамі (пра капытных жывёл).
Гэты чалавек можа знянацку і ў. (перан.).
убудава́ць, -ду́ю, -ду́еш, -ду́е; -ду́й; -дава́ны; зак., што.
Пабудаваць, збудаваць унутры чаго-н.
У. шафу ў сцяну.
|| незак. убудо́ўваць, -аю, -аеш, -ае.
убу́хаць, -аю, -аеш, -ае; -аны; зак., што і чаго (разм.).
Усыпаць, уліць, укласці куды-н. у вялікай колькасці.
У. многа гною ў глебу.
Столькі грошай убухалі за мэблю (перан.: патрацілі).
|| аднакр. убу́хнуць, -ну, -неш, -не; -ні; -нуты.
убы́ць, убу́ду, убу́дзеш, убу́дзе; убы́ў, -была́, -ло́; убу́дзь; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Паменшаць (у колькасці, аб’ёме і пад.).
Убыла вада ў сажалцы.
Убыў дзень.
Убыла рашучасць (знікла, аслабла).
2. (звычайна з адмоўем). Пражыць, прабыць пэўны час дзе-н.; ужыцца з кім-н.
Яны там доўга не ўбудуць — вернуцца.
З табою ніхто не ўбудзе.
|| незак. убыва́ць, -а́е (да 1 знач.).
ува, прыназ. з М.
Ужыв. замест прыназоўніка «у» перад словамі «мне», «усіх», «усім», напр.: ува мне, ува ўсіх.
увабра́цца, убяру́ся, убярэ́шся, убярэ́цца; убяро́мся, убераце́ся, убяру́цца; увабра́ўся, -ра́лася; убяры́ся; зак. (пераважна ў прошлым часе).
1. Пранікнуць унутр чаго-н., паглынуцца, уцягнуцца.
Дзёгаць увабраўся ў юхтовыя боты.
2. Усяліцца куды-н. або забрацца, залезці куды-н. (разм.).
У. ў новую кватэру.
У. ў гушчар.
|| незак. убіра́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.
увабра́ць, убяру́, убярэ́ш, убярэ́; убяро́м, убераце́, убяру́ць; увабра́ў, -ра́ла; убяры́; увабра́ны; зак.
1. што. Паступова паглынуць, уцягнуць, усмактаць у сябе.
Зямля ўвабрала ваду.
2. што. Заправіць, усунуць унутр чаго-н.
У. кашулю ў штаны.
3. што. З’есці без астатку (разм.).
У. місу капусты.
4. каго. Схапіць, захапіць (разм.).
Разведчыкі ўвабралі фашыста.
|| незак. убіра́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.
ува́га, -і, ДМ ува́зе, ж.
1. Сканцэнтраванасць думак ці зроку, слыху на чым-н.
Звярнуць увагу на што-н. Аднесціся з увагай.
Удзяліць увагу каму-н. Браць пад увагу.
У цэнтры ўвагі.
Увазе слухачоў! (г. зн. слухачы, звярніце ўвагу).
2. Клапатлівыя, чулыя адносіны да каго-, чаго-н.
Сяброўская ў.