Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

збіра́льны, -ая, -ае (кніжн.).

Абагульнены, які адносіцца да многіх.

З. вобраз.

|| наз. збіра́льнасць, -і, ж.

збіра́нне гл. сабрацца.

збіра́цца гл. сабрацца.

збіра́ць гл. сабраць.

збі́цца¹, саб’ю́ся, саб’е́шся, саб’е́цца; саб’ёмся, саб’яце́ся, саб’ю́цца; збіўся, збілася; збі́ся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ссунуцца з патрэбнага месца.

Шапка збілася набок.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Стаптацца, скрывіцца.

Абцасы збіліся.

3. з чаго і без дап. Адхіліцца ад правільнага шляху, ад правільнага ходу думкі; памыліцца.

З. з дарогі.

З. ў паказаннях (дапусціць супярэчнасць). З. пры лічэнні.

Збіцца з ног (разм.) — вельмі стаміцца ад беганіны, клопатаў.

|| незак. збіва́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

збі́цца², 1 і 2 ас. не ўжыв., саб’е́цца; збіўся, збілася; зак.

1. Згусціцца ад узбоўтвання, ператварыцца ў шчыльную масу.

Масла збілася.

2. Сабрацца разам, у цеснаце.

Людзі збіліся ў кучу.

|| незак. збіва́цца, -а́ецца.

збіць¹, саб’ю́, саб’е́ш, саб’е́; саб’ём, саб’яце́, саб’ю́ць; збіў, збіла; збі; збіты; зак.

1. каго-што. Прымусіць адваліцца, упасці, ударам зрушыць з месца.

З. з ног.

З. яблык з дрэва.

З. варожы самалёт.

2. што. Стаптаць, скрывіць.

З. абцасы.

3. каго (што). Моцна пабіць, знявечыць пабоямі.

З. да паўсмерці.

4. што. Знізіць, збавіць.

З. цану.

З. тэмпературу лякарствамі.

З. гонар.

5. перан., каго (што). Адхіліць ад правільнага шляху; заблытаць.

З. з дарогі.

З. з панталыку (выклікаць замяшанне, заблытаць). З. цяжкім пытаннем.

|| незак. збіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

збіць², саб’ю́, саб’е́ш, саб’е́; саб’ём, саб’яце́, саб’ю́ць; збіў, збіла; збі; збіты; зак.

1. што. Ударамі злучыць, саставіць.

З. скрынку з дошак.

2. што. Узбіваючы, узбоўтваючы, ператварыць у шчыльную масу.

З. масла.

3. каго-што. Сабраць разам, сагнаць у кучу (разм.).

З. кароў у кучу.

|| незак. збіва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

зблі́зіцца, зблі́жуся, зблі́зішся, зблі́зіцца; зак.

1. Наблізіцца адзін да аднаго.

Машыны зблізіліся.

2. Уступіць у блізкія, сяброўскія адносіны.

Новыя суседзі з намі хутка зблізіліся.

|| незак. збліжа́цца, -а́юся, -а́ешся, -а́ецца.

|| наз. збліжэ́нне, -я, н.

зблі́зіць, зблі́жу, зблі́зіш, зблі́зіць; зблі́жаны; зак.

1. каго-што. Наблізіць аднаго да другога.

З. канцы дроту.

2. каго (што). Прымусіць уступіць у блізкія, сяброўскія адносіны.

Агульныя інтарэсы іх зблізілі.

|| незак. збліжа́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. збліжэ́нне, -я, н.