Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

су́праць і супро́ць, прысл. і прыназ.

1. прысл. На процілеглым баку ад каго-, чаго-н., прама перад кім-, чым-н.

Па левым баку вуліцы знаходзіцца Дом кнігі, а с. — Палац спорту.

Сядзець с.

2. прысл. Наперакор, насуперак каму-, чаму-н.

Галасаваць с.

3. каго-чаго, прыназ. з Р. Указвае на прадмет або асобу, перад якімі на процілеглым баку хто-, што-н. знаходзіцца.

Музей стаіць с. школы.

Старыя сядзелі на лавачцы пад клёнам с. іх хаты.

Стаяць адзін с. аднаго.

4. чаго, прыназ. з Р. Насустрач руху чаго-н.

Ісці с. ветру.

Плысці с. цячэння.

5. каго-чаго, прыназ. з Р. Для барацьбы з кім-, чым-н.

Лякарства с. грыпу.

Сродак с. камароў і маскітаў.

6. чаго, прыназ. з Р. Ужыв. для ўказання на тэрмін, адрэзак часу, перад якім што-н. адбываецца ці павінна адбыцца.

С. ночы ехаць нельга.

7. каго-чаго, прыназ. з Р. Ужыв. для выражэння параўнальных адносін.

Рост прадукцыйнасці працы с. мінулага года.

8. у знач. вык. Не згодзен (разм.).

Ты згодзен? — Не, я с.

супраць...

Першая састаўная частка складаных слоў са знач.: які процідзейнічае чаму-н., напр.: супрацьалкагольны, супрацьболевы, супрацьгніласны.

супрацьа́тамны, -ая, -ае.

Прызначаны для абароны ад атамнай зброі.

супрацьзако́нны, -ая, -ае.

Які супярэчыць закону.

С. ўчынак.

|| наз. супрацьзако́ннасць, -і, ж.

супрацьзача́ткавы, -ая, -ае.

Прызначаны для прадухілення цяжарнасці.

С. сродак.

супрацьле́глы, -ая, -ае.

1. Размешчаны насупраць; які ідзе, вядзе ў адваротным кірунку.

С. бераг ракі.

2. Які карэнным чынам адрозніваецца ад чаго-н., не сумяшчальны з чым-н.

Супрацьлеглыя паняцці.

|| наз. супрацьле́гласць, -і, ж. (да 2 знач.).

супрацьпаве́траны, -ая, -ае.

Прызначаны для барацьбы з авіяцыяй праціўніка або для абароны ад яе.

Супрацьпаветраная абарона.

супрацьпаказа́нне, -я, мн. -і, -яў, н. (спец.).

1. Спецыяльная заўвага, якая ўказвае на шкоднасць або немагчымасць ужывання, прымянення чаго-н., якога-н. лякарства, лячэння і інш.

С. да прымянення антыбіётыкаў.

2. Паказанне, якое супярэчыць іншаму паказанню.

супрацьпака́заны, -ая, -ае.

Такі, для якога існуе супрацьпаказанне; недапушчальны для ўжывання.

Супрацьпаказаныя лякарствы.

|| наз. супрацьпака́занасць, -і, ж.

супрацьпаста́віць, -ста́ўлю, -ста́віш, -ста́віць; -ста́ўлены; зак., каго-што каму-чаму.

1. Параўнаць, паказаўшы розніцу, процілегласць прыкмет аднаго і другога.

С. вывады двух даследаванняў.

2. Процідзейнічаючы, накіраваць супраць каго-, чаго-н.

С. розум сіле.

|| незак. супрацьпастаўля́ць, -я́ю, -я́еш, -я́е.

|| наз. супрацьпастаўле́нне, -я, н.