Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

снегахо́д, -а, М -дзе, мн. -ы, -аў, м.

Аўтамабіль, прызначаны для руху па снезе.

|| прым. снегахо́дны, -ая, -ае.

сне́данне, -я, мн. -і, -яў, н.

Ранішняя яда, а таксама ежа, прызначаная для ранішняй яды.

сне́даць, -аю, -аеш, -ае; незак.

Есці раніцай.

|| зак. пасне́даць, -аю, -аеш, -ае.

сне́жань, -жня, мн. -жні, -жняў, м.

Дванаццаты месяц каляндарнага года.

|| прым. сне́жаньскі, -ая, -ае.

С. дзень кароценькі.

сне́жка, -і, ДМ -жцы, мн. -і, -жак, ж.

1. Невялікі тугі камяк, злеплены са снегу.

Ляпіць снежкі.

2. мн. Гульня, удзельнікі якой стараюцца закідаць адзін аднаго снежнымі камякамі.

У адліжны дзень зручней гуляць у снежкі.

сне́жны гл. снег.

сні́цца, сню́ся, сні́шся, сні́цца; сні́мся, сніце́ся, сня́цца; незак.

Бачыцца ў сне, мроіцца.

Мне сняцца сны аб Беларусі.

|| зак. прысні́цца, -ню́ся, -ні́шся, -ні́цца; -ні́мся, -ніце́ся, -ня́цца і сасні́цца, -ню́ся, -ні́шся, -ні́цца; -ні́мся, -ніце́ся, -ня́цца.

сніць, сню, сніш, сніць; снім, сніце́, сняць; незак.

1. каго-што і з дадан. Бачыць сон (сны), бачыць у сне.

Сёння сніла бабулю.

2. перан., каго-што, аб кім-чым, пра каго-што і з дадан. Марыць пра што-н., спадзявацца на што-н.

Ты толькі і сніш экскурсію ў Рым.

|| зак. прысні́ць, -ню́, -ні́ш, -ні́ць; -ні́м, -ніце́, -ня́ць (да 1 знач.) і сасні́ць, -ню́, -ні́ш, -ні́ць; -ні́м, -ніце́, -ня́ць (да 1 знач.).

сноб, -а, мн. -ы, -аў, м. (кніжн.).

Чалавек, які рупліва трымаецца моды, правіл і манер «вышэйшага свету», які лічыць сябе носьбітам вышэйшай інтэлектуальнасці і вытанчаных густаў, прэтэндуючы на элітарнасць, выключнае кола заняткаў і інтарэсаў (неадабр.).

Снобы грэбуюць усім, што выходзіць за межы іх уяўленняў аб уласнай годнасці.

|| прым. снабі́сцкі, -ая, -ае.

сноп, снапа́, мн. снапы́, снапо́ў, м.

1. Звязаны пук зжатых сцёблаў збажыны і некаторых іншых культур.

С. жыта.

2. перан., чаго. Паток чаго-н. (прамянёў, пылу і пад.).

С. яркага святла.

Як сноп (паваліцца, упасці і пад.) — цяжка, усім целам.

|| прым. снапо́вы, -ая, -ае (да 1 знач.).