Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

здань, -і, мн. -і, -ей, ж.

Вобраз каго-, чаго-н., які ўзнікае ва ўяўленні; прывід; тое, што здаецца.

Начныя здані.

Перажытае чаргавалася з нейкімі зданямі.

здараве́нны, -ая, -ае (разм.).

1. Высокага росту і моцнага целаскладу.

З. мужчына.

2. Вельмі вялікі, велізарны (пра рэчы, прадметы).

Здаравеннае палена.

здараве́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е; незак.

Станавіцца здаравейшым.

|| зак. паздараве́ць, -е́ю, -е́еш, -е́е.

здараві́ла, -ы, ДМ -у, Т -ам, м.; ДМ -е, Т -ай (-аю), ж., мн. -ы, -віл (разм.).

Тое, што і здаравяка.

здаравя́ка, -і, мн. -і, -аў, м. і здаравя́к, -а́, мн. -і́, -о́ў, м. (разм.).

Чалавек моцнага целаскладу і вялікай фізічнай сілы.

|| ж. здаравя́чка, -і, ДМ -чцы, мн. -і, -чак.

здаро́вы, -ая, -ае.

1. Які мае добрае здароўе, не хворы.

Здаровае дзіця.

З. арганізм.

2. Які выражае здароўе, уласцівы здароваму чалавеку.

З. выгляд.

З. смех.

3. Карысны для здароўя.

Здаровае надвор’е.

Здаровае харчаванне.

4. перан. Карысны, правільны.

Здаровая ідэя.

З. быт.

5. Моцнага целаскладу, дужы (разм.).

З. хлопец.

6. Вялікі, моцны (пра з’явы, прадметы; разм.).

З. мароз.

З. кавалак жалеза.

7. у знач выкл. здаро́ў (здаро́ва)! Ужыв. як прывітанне пры сустрэчы (разм.).

Будзь (або бывай) здароў — развітальнае пажаданне заставацца здаровым.

здаро́жаны, -ая, -ае.

1. Стомлены, змучаны дарогай, у дарозе.

З. конь.

2. Які выражае стомленасць дарогай.

З. выгляд.

|| наз. здаро́жанасць, -і, ж.

здаро́жыцца, -жуся, -жышся, -жыцца; зак.

Стаміцца, змучыцца ў дарозе.

|| незак. здаро́жвацца, -аюся, -аешся, -аецца.

здаро́ўе, -я, н.

1. Правільная, нармальная дзейнасць арганізма.

Берагчы з.

Адбіцца на здароўі.

Стан здароўя.

2. Той або іншы стан арганізма.

Моцнае, слабае з.

Як з.? За ваша з. (зварот да таго, за каго паднімаюць тост). На з. (выраз добрага пажадання ў знач. калі ласка).

|| памянш.ласк. здаро́ўечка, -а, н.

Добрага Вам здароўечка (пажаданне пры развітанні або прывітанне пры сустрэчы).

здаро́ўкацца, -аюся, -аешся, -аецца; незак. (разм.).

Вітаць адзін аднаго пры сустрэчы.

З. за руку.

|| зак. паздаро́ўкацца, -аюся, -аешся, -аецца.

|| наз. здаро́ўканне, -я, н.