Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (пад рэд. І. Л. Капылова, 2022, актуальны правапіс)

ПрадмоваСкарачэнні

збро́я, -і, ж.

Усякі сродак, прыстасаванне, тэхнічна прыгоднае для нападу ці абароны, а таксама сукупнасць такіх сродкаў.

Агнястрэльная з.

Халодная з. (шабля, кінжал, нож і пад.). Стралковая з. (ружжо, рэвальвер і пад.). Артылерыйская з. (гармата, гаўбіца і пад.). Ядзерная з.

Абараняцца са зброяй у руках.

Ідэйная з. (перан.). Скласці зброю (перан.: здацца; высок.). Узняць зброю (пачаць вайну або паўстаць са зброяй у руках; высок.). Бразгаць зброяй (пагражаць вайной; кніжн.).

|| прым. збро́евы, -ая, -ае і збро́йны, -ая, -ае.

Зброевая (збройная) майстэрня.

збру́я, -і, ж.

Прыналежнасці для запрагання каня; вупраж.

|| прым. збру́евы, -ая, -ае і збру́йны, -ая, -ае.

збрысці́, збрыду́, збрыдзе́ш, збрыдзе́; збрыдзём, збрыдзяце́, збрыду́ць; збрыў, -рыла́, -ло́; збрыдзі́; зак. (разм.).

Сысці куды-н., пакінуўшы сваё месца.

Цяля некуды збрыло.

збрыць, збры́ю, збры́еш, збры́е; збры́ты; зак., што.

Зрэзаць брытвай.

З. бараду.

|| незак. збрыва́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.