свяце́йшы, -ая, -ае.
Састаўная частка тытула праваслаўных патрыярхаў і сінода, а таксама рымскіх пап.
свяці́ла, -а, мн. -ы, -аў, н.
1. ДМ -е. Нябеснае цела, якое выпраменьвае святло ў касмічную прастору або свеціць адбітым святлом.
Дзённае с. (Сонца). Начное с. (Месяц).
2. ДМ -у; чаго або якое; перан. Выдатны чалавек, які набыў шырокую вядомасць у пэўнай сферы дзейнасці і праславіў навуку і культуру сваім талентам (высок.).
С. навукі.
свяці́лішча, -а, мн. -ы, -ішч і -аў, н.
1. Храм (уст.).
С. аракулаў.
2. перан. Месца, якое выклікае пачуццё глыбокай павагі і пашаны (высок.).
С. навукі (цэнтр навуковай думкі).
свяці́льны, -ая, -ае.
Які выкарыстоўваецца для асвятлення.
Свяцільнае масла.
свяці́льня, -і, мн. -і, -лень і -льняў, ж. (уст.).
1. Асвятляльная прылада ў выглядзе невялікай бляшанай лямпы, у якую налівалася масла, тлушч і пад.
2. Лампада, плошка з запаленым маслам.
свяці́цца, свячу́ся, све́цішся, све́ціцца; незак.
1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выпраменьваць святло.
На небе свяціліся зоркі.
У вокнах свяціліся агеньчыкі.
2. перан. Пра твар, вочы: іскрыцца радасцю, святлом, ажыўляцца ад шчасця.
Твар бабулі свяціўся дабратой.
|| наз. свячэ́нне, -я, н. (да 1 знач.).
свяці́ць¹, свячу́, све́ціш, све́ціць; незак.
1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Выпраменьваць святло.
Цэлы дзень свеціць сонца.
Свеціць, ды не грэе (загадка).
2. Накіроўваць святло так, каб каму-н. было ўсё відаць.
С. ліхтарыкам.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.), перан. Быць азораным радасцю, шчасцем і пад. (разм.).
Вочы свяцілі радасцю.
|| зак. пасвяці́ць, -свячу́, -све́ціш, -све́ціць (да 1 і 2 знач.).
свяці́ць², свячу́, све́ціш, све́ціць; незак., каго-што.
Выконваць над кім-н., чым-н. царкоўны абрад асвячэння.
С. ваду.
С. хату.
|| зак. асвяці́ць, асвячу́, асве́ціш, асве́ціць; асвячо́ны.
свяшчэннадзе́йнічаць, -аю, -аеш, -ае; незак.
1. Выконваць які-н. царкоўны абрад.
2. перан. Рабіць што-н. урачыста і паважна (іран.).
|| наз. свяшчэннадзе́йства, -а, н.
свяшчэннаслужы́цель, -я, мн. -і, -яў, м.
Асоба, якая адпраўляе набажэнства і трэбы.
|| прым. свяшчэннаслужы́цельскі, -ая, -ае.