Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эрг1

(гр. ergon = праца, работа)

адзінка работы (энергіі) у СГС сістэме адзінак, роўная рабоце, выкананай сілай у 1 дыну на шляху ў 1 см.

эрг2

(ар. ’irk = жыла)

тып пясчанага масіву ў пустынях Паўн. Афрыкі.

эргагра́фія

(ад гр. ergon = работа + -графія)

графічная рэгістрацыя работы асобнай мышцы або іх груп эргографам.

эргакальцыферо́л

[ад эрга(стэрын) + кальцый + гр. phero = нясу]

тлушчарастваральны процірахітычны вітамін Д2, неабходны для нармальнага росту касцей, які садзейнічае засваенню кальцыю, што змяшчаецца ў прадуктах харчавання; у арганізмах утвараецца з эргастэрыну.

эргаме́трыя

(ад гр. ergon = работа + -метрыя)

метад вымярэння працаздольнасці асобнай мышцы або групы мышцаў у арганізме і функцыянальных змен у арганізме ў час фізічнай нагрузкі.

эргано́міка

(ад гр. ergon = работа + nomos = закон)

галіна ведаў, якая вывучае чалавека і яго дзейнасць ва ўмовах сучаснай вытворчасці з мэтай аптымізацыі прылад, умоў і працэсу працы.

эргастапла́зма

(ад гр. ergastikos = дзейны + плазма)

унутрыклетачны арганоід, на паверхні якога змяшчаюцца асаблівыя зярняты (гранулы) рыбануклеінавай кіслаты — рыбасомы, прымае ўдзел у сінтэзе бялку.

эрга́стул

(лац. ergastulum = турма, месца працы)

турма для рабоў у Стараж. Рыме, пераважна падземная, у якой вязні, закутыя ў кайданы, выконвалі асабліва цяжкую работу.

эргастэ́рый

(гр. ergasterion)

майстэрня ў Стараж. Грэцыі, дзе працавалі рабы.

эргастэры́н

(ад фр. ergot = спарыш + гр. stereos = цвёрды)

арганічнае рэчыва, цыклічны спірт групы стэрынаў, які ад дзеяння ультрафіялетавых прамянёў ператвараецца ў антырахітычны вітамін Д2; змяшчаецца ў дражджах, грыбах, злаках.