Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эка-

(гр. oikos = жыллё, асяроддзе)

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае адносіны да экалогіі.

экабіямо́рфы

(ад эка- + гр. bios = жыццё + -морфы)

тое, што і экаморфы.

экагене́з

(ад эка- + -генез)

гістарычны працэс змянення асаблівасцей арганізмаў, звязаны са зменамі экалагічных умоў.

экаклі́мат

(ад эка- + клімат)

клімат, уласцівы пэўнаму асяроддзю, залежны ад характару расліннасці, тыпу глебы, жывых арганізмаў, што насяляюць гэта асяроддзе.

экало́гія

(ад эка- + -логія)

1) раздзел біялогіі, які вывучае ўзаемадзеянне раслінных і жывёльных арганізмаў паміж сабой і навакольным асяроддзем;

2) стан навакольнага асяроддзя, які склаўся ў выніку безгаспадарчага выкарыстання прыродных рэсурсаў і зараз пагражае існаванню людзей;

сацыяльная э. — раздзел сацыялогіі, у якім разглядаюцца праблемы ўзаемаадносін чалавека і асяроддзя.

экамо́рфы

(ад эка- + -морфы)

жыццёвыя формы раслін у іх адносінах да ўмоў знешняга асяроддзя.

эканама́йзер

(англ. economizer)

1) прыстасаванне для награвання вады ў кацельных устаноўках, паветра ў цеплаабменных апаратах цеплынёй дымавых газаў ці адпрацаванай парай;

2) прыстасаванне ў карбюратары рухавіка ўнутранага згарання, якое служыць для абагачэння гаручай сумесі пры максімальнай нагрузцы.

эканаме́трыя

(ад эканоміка + -метрыя)

вывучэнне эканамічных з’яў і працэсаў сродкамі матэматычнага і статыстычнага аналізу.

эканамі́зм

(ад эканомія)

плынь у рускім сацыял-дэмакратычным руху ў канцы 19 — пач. 20 ст., прыхільнікі якой абмяжоўвалі рабочы рух эканамічнай барацьбой, лічачы палітычную барацьбу справай ліберальнай буржуазіі.

эканамі́чны

(гр. oikonomikos = гаспадарчы)

1) які датычыць эканомікі або палітычнай эканоміі;

2) атрыманы ў выніку рацыянальнага выкарыстання метадаў працы, новых матэрыялаў;

3) матэрыяльны, грашовы;

4) выгадны ў гаспадарчых адносінах.