Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лат

(латыш. lats)

грашовая адзінка ў Латвіі ў 1922—1940 гг. і з 1993 г.

ла́та

(польск. łata, ад с.-в.-ням. latte)

дошка або жэрдка, якая кладзецца ўпоперак крокваў.

лата́нія

(індз. alattani)

пальма з шырокім веерападобным лісцем, пашыраная ў тропіках; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

латарэ́я

(іт. lotteria)

розыгрыш рэчаў або грашовых сум па білетах.

лато́

(фр. loto)

гульня, удзельнікі якой закрываюць на спецыяльных картах названыя нумары або малюнкі (выйграе той, хто першым закрые ўсе нумары або малюнкі).

-латрыя

(гр. latreia = служэнне, шанаванне)

другая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае паняццям «служэнне», «шанаванне».

латсія́нства

[ад гал. J. Lotsy = прозвішча гал. батаніка (1867—1931)]

антыдарвінаўская канцэпцыя эвалюцыі жывой прыроды, якая разглядае развіццё арганічнага свету як перакамбінацыю спрадвечна існуючых генаў.

лату́к

(с.-н.-ням. lattuke, ад лац. lactuca)

травяністая расліна сям. складанакветных са сцябловым лісцем і дробнымі светла-жоўтымі кветкамі ў мяцёлках, пашыраная ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы; адзін з відаў — салата.

лату́нь

(ням. Latun)

сплаў медзі з цынкам, часам з прымессю волава, алюмінію, марганцу.

латыме́рыя

(н.-лац. latimeria)

рыба групы кісцяпёрых, якая водзіцца ў Індыйскім акіяне.