Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

атла́нт

(гр. Atlas, -antos = імя міфічнага героя Атланта, якога багі прымусілі трымаць на плячах неба)

1) мужчынская статуя, якая падтрымлівае перакрыцце будынка, порціка;

2) першы шыйны пазванок у земнаводных, паўзуноў, птушак і млекакормячых.

атла́нтрап

(ад лац. Atlas = назва гор у Афрыцы + -антрап)

выкапнёвы чалавек, які вызначаецца як від роду пітэкантрапаў.

атланты́зм

(ад лац. Mare Atlanticum = Атлантычны акіян)

ідэалогія і палітыка цеснага супрацоўніцтва і саюзу краін Зах. Еўропы, ЗША і Канады (што прымыкаюць да Атлантычнага акіяна); найбольш поўнае адлюстраванне знайшла ў дзейнасці Арганізацыі паўночнаатлантычнага дагавору (НАТО).

а́тлас

(гр. Atlas, -antos = імя міфічнага героя Атланта, якога багі прымусілі трымаць на плячах неба)

сістэматызаваны зборнік геаграфічных, гістарычных ці іншых карт з тлумачэннямі, а таксама малюнкаў, чарцяжоў, табліц.

атла́с

(гр. atlas = гладкі)

шаўковая тканіна з гладкім, бліскучым правым бокам.

атле́т

(гр. athletes)

1) спартсмен, які займаецца атлетыкай, 2) чалавек моцнага складу і вялікай фізічнай сілы.

атлеты́зм

(фр. athlétisme, ад гр. athleo = змагаюся)

добра развітыя фізічныя якасці спартсмена.

атле́тыка

[гр. athletike (techne) = спартыўнае (майстэрства)]

сістэма гімнастычных практыкаванняў, якія развіваюць сілу, спрыт, вынослівасць;

лёгкая а. — бег, хадзьба, скачкі, кіданне кап’я, дыска, штурханне ядра і інш.;

цяжкая а. — бокс, барацьба, падняцце цяжару.

атлеты́чны

(гр. athletikos)

1) уласцівы атлету, дужы;

2) звязаны з атлетыкай (напр. а-ыя практыкаванні).