Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пупа́рый

(ад лац. pupa = кукалка)

своеасаблівы кокан некаторых двухкрылых.

пупініза́цыя

[ад англ. M. Pupin = прозвішча амер. фізіка (1858—1935)]

спосаб павелічэння дальнасці перадач па правадных лініях сувязі штучным узмацненнем іх індуктыўнасці.

пурга́

(рус. пурга, ад карэл. purgu, фін. purku)

моцная снегавая завея, завіруха.

пурге́н

(ад лац. purgare = чысціць)

лякарства, якое ўжываецца як слабіцельны сродак.

пу́рпур

(лац. purpura, ад гр. porphyra)

1) натуральная каштоўная фарба чырвона-фіялетавага колеру;

2) ярка-чырвоны колер з фіялетавым адценнем;

3) дарагое адзенне або тканіна ярка-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем.

пу́рпура

(лац. purpura = чырвоны колер)

захворванне, якое характарызуецца шматлікімі пунктамі кровазліцця на скуры і слізістых абалонках, абумоўленымі трамбацытапеніяй.

пурпуры́н

(ад лац. purpura = чырвоны колер)

арганічнае чырвонае фарбавальнае рэчыва, якое здабываецца з каранёў марэны; атрымліваецца акісленнем алізарыну.

пуры́зм

(фр. purisme, ад лац. purus = чысты)

1) залішне суровае імкненне захаваць чысціню мовы, культуры і інш.; барацьба супраць запазычанняў і новаўвядзенняў (у мове, норавах і г.д);

2) фармалістычны кірунак у жывапісе, які ўзнік у Францыі ў 20-я гг. 20 ст. і вызначаўся абстрактнасцю, сілуэтнасцю і контурнасцю адлюстраванняў.

пуры́н

(ад лац. purus = чысты)

арганічнае злучэнне з наяўнасцю азоту цыклічнай будовы, якое выконвае важную ролю ў розных біялагічных працэсах.

пуры́ст

(фр. puriste)

прыхільнік пурызму.