Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ла́гтынг

(нарв. lagting)

верхняя палата нарвежскага парламента (стортынга); параўн. одэльстынг.

лагу́на

(іт. laguna)

1) неглыбокі заліў, аддзелены ад мора наноснай палосай сушы (бар4) або злучаны з ім вузкім залівам;

2) участак мора паміж берагам мацерыка ці вострава і каралавымі рыфамі, а таксама ўнутраны вадаём атола.

ладава́ць

(ст.-польск. ładować, ад с.-в.-ням. laden)

роўна, парадкам укладваць, грузіць.

ла́дан

(гр. ladanon)

пахучая смала з лісця некаторых трапічных дрэў, якая выкарыстоўваецца для абкурвання ў час рэлігійных абрадаў.

ладу́нка

(польск. ładunek, ад с.в.-ням. ladunge)

1) сумка для пораху і шроту ў паляўнічых;

2) набой для стрэльбы.

лады́кула

(н.-лац. lodicula)

плевачка ў кветках большасці злакаў, якая ў час цвіцення набухае і садзейнічае раскрыванню кветкі.

лаж

(іт. l’aggio)

1) адхіленне ў бок павышэння рыначнага курсу грашовых знакаў, вэксаляў і іншых каштоўных папер ад іх намінальнай вартасці (параўн. дызажыо);

2) розніца паміж каштоўнасцю металічнай манеты і абясцэненай пры інфляцыі аднайменнай папяровай купюры.

лажаме́нт

(фр. logement)

1) апорнае прыстасаванне для замацавання на транспартных сродках якіх-н. машын, грузаў;

2) апорнае прыстасаванне для размяшчэння касмічнага лятальнага апарата на стартавай пляцоўцы;

3) прафіляванае сядзенне крэсла для лётчыка або касманаўта;

4) уст. невялікі акоп для пяхоты або гармат.

лазарэ́т

(фр. lazaret, ад іт. lazzaretto)

1) невялікая бальніца пры вайсковай часці;

2) уст. бальніца для бедных.

ла́зер

(англ. laser, ад Light Amplification by Stimulated Emission of Radiation = узмацненне святла ў выніку вымушанага выпрамянення)

прыбор для атрымання канцэнтраваных светлавых пучкоў.