Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

генера́л-губерна́тар

(ад генерал + губернатар)

1) вышэйшая службовая асоба мясцовай адміністрацыі ў Расіі ў 1703—1917 гг.;

2) кіраўнік каланіяльнай адміністрацыі ў былых калоніях і дамініёнах Вялікабрытаніі, Францыі і іншых каланіяльных дзяржаў;

3) вышэйшы прадстаўнік англійскага караля ў краінах, якія раней былі брытанскімі дамініёнамі.

генера́л-кватэрма́йстар

(ад генерал + кватэрмайстар)

штабная пасада ў некаторых арміях (Англіі, Германіі і інш.).

генера́л-лейтэна́нт

(ад генерал + лейтэнант)

другое па старшынству генеральскае званне ў арміях некаторых дзяржаў, у т.л. і ў Рэспубліцы Беларусь.

генера́л-маёр

(ад генерал + маёр)

першае па старшынству генеральскае званне ў арміях некаторых дзяржаў, у т.л. і ў Рэспубліцы Беларусь.

генера́л-пракуро́р

(ад генерал + пракурор)

вышэйшы ўрадавы чыноўнік царскай Расіі, які наглядаў за законнасцю дзейнасці дзяржаўнага апарату і ўзначальваў Сенат.

генера́л-фельдма́ршал

(ад генерал + фельдмаршал)

вышэйшае воінскае званне ў арміі царскай Расіі і некаторых сучасных замежных арміях.

генера́тар

(лац. generator = вытворца)

апарат, машына для выпрацоўкі якога-н. энергетычнага прадукту (напр. гаручага газу з цвёрдага або вадкага паліва), атрымання пэўнага віду энергіі (напр. электрычнай з механічнай), стварэння электрамагнітных, светлавых, гукавых сігналаў і імпульсаў (напр. г. пераменнага току, г. сігналаў, аптычны г.).

генера́тарны

(ад генератар)

які мае адносіны да генератара (напр. г-ая лямпа, г. газ).

генераты́ўны

(лац. generativus, ад generare = нараджаць, ствараць)

які служыць для размнажэння;

г-ыя клеткі — палавыя клеткі.

генера́цыя

(лац. generatio = нараджэнне)

1) члены аднаго роду або аднаго віду жывёл, раслін, аднолькава аддаленых у роднасных адносінах ад агульных продкаў; пакаленне;

2) узнаўленне, вытворчасць (напр. г. электрычнай энергіі).