Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

генане́ма

(ад ген + гр. nema = нітка)

доўгая бакавая малекула, якая з’яўляецца асновай храмасомы і носьбітам спадчыннай інфармацыі.

генаты́п

(ад ген + тып)

спадчынная канстытуцыя арганізма, сукупнасць усіх яго генаў.

генатэі́зм

(ад гр. heis, henos = адзін, адзіны + theos = бог)

пераходная паміж політэізмам і монатэізмам форма рэлігійных вераванняў, якая прызнае існаванне многіх багоў на чале з адным галоўным богам.

генафо́нд

(ад ген + фонд)

сукупнасць усіх генаў адной папуляцыі арганізмаў.

генацы́д

(ад ген + -цыд)

знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нацыянальных, этнічных, палітычных або рэлігійных матывах; арганічна звязана з фашызмам, расізмам і аналагічнымі рэакцыйнымі тэорыямі.

гендэрсо́нія

(н.-лац. hendersonia)

недасканалы грыб сям. сфероідных, які развіваецца на траве, кустах, сухіх галінках пладовых дрэў.

генеалагі́чны

(гр. genealogikos)

які мае адносіны да генеалогіі (напр. г-ая табліца, г-ая класіфікацыя моў).

генеало́гія

(фр. genealogia)

1) дапаможная гістарычная дысцыпліна, якая вывучае паходжанне і сваяцкія сувязі гістарычных асоб, родаў;

2) гісторыя чыйго-н. роду, радаслоўная (напр. г. К. Каганца);

3) паходжанне жывёльных або раслінных родаў.

генеано́мія

(ад гр. genos, -neos = род + -номія)

раздзел сацыялогіі, які вывучае паходжанне і развіццё форм шлюбу і сям’і.

-генез

(гр. genesis = паходжанне)

другая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на сувязь з паняццем «звязаны з працэсам паходжання, узнікнення».