Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

анімалі́ст

(фр. animaliste, ад лац. animal = жывёла)

мастак або скульптар, які адлюстроўвае ў сваіх творах пераважна жывёл.

анімалісты́чны

(ад анімаліст)

звязаны з адлюстраваннем жывёльнага свету ў выяўленчым мастацтве і літаратуры (напр. а. жанр).

анімалькулі́зм

(ад лац. animalculum = звярок)

сістэма поглядаў біёлагаў 17—18 ст., якія лічылі, што ў сперматазоідзе змяшчаецца ў мініяцюры сфарміраваны арганізм, а яго развіццё зводзіцца толькі да павелічэння ў памерах (параўн. авізм).

анімалькулі́сты

(ад лац. animalculum = звярок)

прыхільнікі анімалькулізму (параўн. авісты).

аніма́льны

(лац. animalis = жывёльны)

які адносіцца да жывёлы, жывёльны.

аніма́та

(іт. animato)

муз. жвава, узбуджана.

аніма́тар

(лац. animator = ажыўляльнік)

1) спецыяліст па анімацыі;

2) уст. той, хто заахвочвае, пабуджае да дзейнасці.

аніматы́зм

(ад лац. animatus = адушаўлёны)

вера ў безасабовую адушаўлёнасць прадметаў і з’яў акаляючай рэчаіснасці — характэрная рыса ўсіх першабытных рэлігій.

аніматэ́р

(фр. animateur)

душа кампаніі.

аніма́цыя

(лац. animatio = адушаўлёнасць)

метад стварэння серыі здымкаў, малюнкаў або сілуэтаў у розных фазах руху, пры паказе якіх на экране з’яўляецца ўражанне ажыўлення мёртвых форм руху.