Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

герантапсіхало́гія

(ад гр. geron, -ntos = стары + псіхалогія)

раздзел геранталогіі, які выкарыстоўвае агульнапсіхалагічныя сродкі і методыкі для вывучэння асаблівасцей псіхікі і паводзін асоб пажылога і старога ўзросту.

герантафілі́я

(ад гр. geron, -ntos = стары + -філія)

разнавіднасць палавой ненармальнасці, палавая цяга да асоб старэчага ўзросту.

геранто́лаг

(ад гр. geron, -ntos = стары + -лаг)

спецыяліст у галіне геранталогіі.

гера́нь

(н.-лац. geranium, ад гр. geranion = журавель)

травяністая расліна сям. гераніевых з пахучым лісцем і яркімі ліловымі або пурпуровымі кветкамі ў парасоніках, пашыраная пераважна ва ўмераных зонах; дэкаратыўная, лекавая і меданосная.

герато́н

(ад гр. geron = стары + tonos = напружанне)

лекавы вітамінны прэпарат, які змяшчае 10—12 вітамінаў і нармалізуе абменныя працэсы ў арганізме.

герб

(польск. herb, ад ням. Erbe = спадчына)

распазнавальны знак дзяржавы, горада, дваранскага роду, які змяшчаецца на флагах, манетах, пячатках, некаторых дакументах і г.д.

герба́рый

(лац. gerbarium = травяны)

калекцыя засушаных і размешчаных у пэўнай сістэме раслін.

гербіцы́ды

(ад лац. herba = трава + -цыды)

хімічныя рэчывы для барацьбы з пустазеллем.

герд

(ням. Herd = пліта)

прыстасаванне ў выглядзе нахіленай плоскасці для прамывання глеістых і зярністых руд.

герко́н

[ад гер(метычны) кан(такт)]

пераключальнік са спружыннымі кантактамі з ферамагнітнага матэрыялу, змешчанымі ў герметызаваны шкляны балон, якія стыкаюцца пад уплывам магнітнага поля.