Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пітанамо́рфы

(ад пітон + -морфы)

тое, што і мазазаўры.

піто́н

(гр. python)

вялікая неядавітая змяя сям. удаваў, якая жыве пераважна ў джунглях Афрыкі, Паўд. і Паўд.-Усх. Азіі.

пітуітры́н

(ад лац. pituita = слізь)

лекавы прэпарат, які выкарыстоўваецца пры слабой палавой дзейнасці, матачных кровацячэннях, а таксама як сродак для павышэння тонусу кішэчніка і мачавога пузыра.

пі́тый

(н.-лац. pythium)

ніжэйшы грыб сям. пітыевых, які развіваецца на ўсходах цукровых буракоў, капусты, агуркоў, радысу, салаты.

пі́тыя

(н.-лац. pithya)

сумчаты грыб сям. саркасцыфавых, які развіваецца на ігліцы і галінках аслабленых раслін сям. сасновых і кіпарысавых.

-пітэк

(гр. pithekos = малпа)

другая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае «выкапнёвая малпа».

пітэка́нтрап

(ад гр. pithekos = малпа + -антрап)

найбольш ранні выкапнёвы прадстаўнік чалавека.

піуры́я

(ад гр. pyon = гной + -урыя)

выдзяленне з мачой гною пры запаленчых захворваннях нырак.

піфагарэі́зм

[ад гр. Pythagoras = імя старажытнагрэчаскага філосафа і матэматыка (каля 580—500 да н.э.)]

аб’ектыўна-ідэалістычны напрамак у старажытнагрэчаскай філасофіі, заснаваны ў 6 ст. да н.э. філосафам і матэматыкам Піфагорам, прыхільнікі якога бачылі сутнасць рэчаў у колькасных адносінах, развівалі містыку лічбаў, лічылі, што Сусвет з’яўляецца гарманічнай сістэмай лікаў і іх адносін.

пі́фас

(гр. pithos)

вялікі гліняны яйцападобны сасуд, у якім у Стараж. Грэцыі захоўвалі зерне, ваду, віно і іншыя рэчывы.