Абармо́т ’махляр, прайдзісвет, чалавек, пазбаўлены даверу’ (Шат., КЭС, КТС), ’неахайны чалавек’ (Яўс.), абермот ’нязграбны чалавек’ (Кліх), рус. обормот ’абадранец’. Магчыма, да абора‑мот ’той, хто матае аборы (вяроўкі, якімі прымацоўваюцца лапці)’, спачатку зняважлівая назва вясковых жыхароў («лапцюжнікаў»). Для падобных назваў параўн. семантыку польск. gbur ’грубіян’ < ст.-польск. gbur ’селянін’ і словаўтварэнне ўкр. ціповʼяз, грічкосій і г. д. Іншую версію гл. у Трубачова, ВЯ, 1961, 5, 134 (< барматаць). Неверагодна ў Гэлтана, ZfslPh, 23, 326–327 (< ням. Ober і рус. мот). Яшчэ больш праблематычная версія аб венгерскім паходжанні гэтага слова. Гл. Пагарэлаў, RÉS, 30, 102–103. Супраць апошняга Гэлтан, там жа, 325–326 з падрабязнай аргументацыяй.
Абаро́г, абараг ’чатырохсхільная стрэшка для сена’ (Клім.), ст.-бел. оборогъ ’стог, сцірта’ (Гарб.), оборогъ ’сцірта’ (Нас. гіст.), обарогъ, оброгъ з 1557 (Булыка Запазыч.); укр. оборіг ’тс’, польск. bróg стрэшка на чатырох жэрдках для захоўвання сена, збожжа’, ст.-чэш. brah ’тс’. Згодна з найбольш пашыранай версіяй да берагчы (гл.). Параўн. Брукнер, 41; Слаўскі, 1, 44; Фасмер, 3, 106. Аднак лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй аб запазычанні з германскай (с.-н.-ням. barg ’хлеў на слупах’). Гл. Буга, 3, 758. Менш верагодна генетычная агульнасць з германскім словам.
Абаро́нкі, обаронкі ’перавясла з кручаных дубцоў, якім змацоўваюцца зубы бараны паміж драўлянымі прутамі’ (Дзімітр.). Гл. барана.
Абарса́ць ’зацягнуць аборы ў лапці’ (Шат.), обарсаць (КСТ, КЭС), аббэрсаны (КТС), магчыма, *об‑вьрз‑ати (< прасл. *vьrz‑ti ’вязаць’), параўн. рус. верзни ’лапці’ і бел. барсні ’тс’. Іншую версію гл. у Рудніцкага, 201. Параўн. таксама Краўчук, Бел.-укр. ізал., 37. Гл. барсні.
Аббі́ўкі ’каласкі, што застаюцца пасля малацьбы’ (Нас., Бяльк., Др.-Падб., Гарэц.), ад аб‑біць ’абмалаціць’.
Аббо́рыш ’пласт сена, перабраны граблямі’ (Бяльк.) < абабраць. Словаўтварэнне як у спарыш.
Аббро́х ’чалавек, які з усімі пасварыўся, які любіць сварку’ (Мядзв.) да брахаць (гл.).
Абве́стка ’аб’ява’ (БРС). Наватвор пачатку XX ст. (гл. Гіст. лекс., 255), частковая калька з польск. obwieszczenie (там жа, 256), абвясціць да весць, ведаць (гл.).
Абвіхну́цца ’памыліцца’ (Нас., Бяльк.), абвіхнуць ’ашукаць’ (Нас., Бяльк.). Гл. віхаць.
Абво́рак ’абворанае месца’ (КСТ) да абворваць (гл.).