Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ач1 ’глядзі, бач’ (Нас.), укр. ач. Відаць, звязана з каранёвай часткай дзеяслова *ačiti, што выводзіцца на падставе бачыць < ob‑ačiti; паводле Фрэнкеля, 1, літ. ’тс’ вынік плюралізацыі да àčte, што звязана з бачыць і вока (літ. akìs), параўн. узнікшае пад літоўскім уплывам ачкаваць даглядаць на чужое’ (Сцяшк.). Можна разглядаць як алегра-форму да бач ’глядзі’, параўн. лянь, ля ’паглядзі’, ’пабач, вось’ (ад глянь, паглянь), рус. ишь, вишь.

Ач2 злучнік ’бо’, ’хоць, калі’ (ц.-слав. аще) (Нас.), ’хіба, хоць, калі’ (Гарэц.), а́чай (Нас., Гарэц.), ач‑бы ’хаця б’ (Нас.), ст.-бел. ачь злучнік ’таму што, паколькі’ (фіксацыя з 1347), умоўны (ц.-слав. аще) ’калі’ (1347), уступальны ’хоць’ (1347), ’зрэшты’ (1495), ачь‑бы ўмоўны злучнік (ц.-слав. аще бы) ’калі б’ (1492) (Нас. Гіст.), аче з XVI ст. (Карскі, 1, 386), ст.-укр. ач, ачь, аче ’тс’, ст.-рус. аче, ачи ’калі’ (рус. если), ’ці’, ст.-польск. acz ’хоць, калі’ (рус. если), ’хіба’, ст.-чэш. ac, ace ’калі’ (рус. если), ’хоць’, в.-луж. hač ’калі, чым’ (у параўнанні), н.-луж. ac ’ці’, згодна з Трубачовым, УЗ МОПИ, 1969, 334, 341, сюды ж і балг. дыял. а че ’пасля, а затым’. Прасл. ače (паводле Трубачова, a če) тлумачыць з a і če, дзе другая частка самастойна выступае толькі ў сучасным балг. че злучнік ’што, бо’, параўн. таксама макар че ’хаця’, роднасная лац. quet грэч. τε, ст.-інд. ca і інш., параўн. Фасмер, 1, 98; Слаўскі, 1, 23; Рудніцкі, 1, 43; першую частку a суадносяць з лац. at ’але, з другога боку’, ad ’пры, каля, к’ на аснове структурнага падабенства ўсяго спалучэння з лац. atque, adque ’з другога боку, звыш таго’, Трубачоў (гл. вышэй адзначаную працу), Голуб-Копечны, 59. Для ўсходнеславянскіх моў праблему складае раздзяленне форм і значэнняў розных па паходжанню, якія супалі ў адной форме. Старарускі злучнік аче (ачи), які ўводзіць даданы сказ умовы, і адпаведныя беларускія і ўкраінскія формы адносяць разам з ц.-слав. аще, ст.-слав. аште, ст.-серб. аће, польск. jacy ’толькі’ да прасл. atje або akte, atke, параўн. (Саднік-Айцэтмюлер, 1, 21 і 25; Фасмер, 1, 99; Слаўскі, 1, 483; поўны агляд версій гл. Фальк, SOc 27, 1968, 63–65; гл. спецыяльна Шавялоў, Prehistory, 191, які выводзіць указаныя формы і асабліва ст.-рус. ашти з āt‑k​i з наступнай метатэзай tk > kt, што дае tj перад i. Адносна развіцця значэння параўн. Бауэр, Slavia, 26, 1957, 157–179. Булыка (Запазыч., 34) ст.-бел. ачъ ’хоць’ (пачатак XV ст.) лічыць запазычаннем са ст.-польск. acz.

Ачаво́к, очево́к ’ручка касы’ (ДАБМ, камент., 831). Ад чаві́ць ’сціскаць, гнясці’, о‑чавок ’тое, што сціскае (кассё)’, або ’тое, што цісне, муляе (руку)’, параўн. блізкую тэрытарыяльна назву мулец ’тс’. Незвычайны націск на суфіксе, відаць, пад уплывам лучок, п́упок ’тс’.

Ачалаве́чыць ’ажаніць’ (Яўс.), ачалавечыцца ’ажаніцца, стаць мужам’ (Нас.), очоловічыты (палес., Цыхун, вусн. паведамл.). Гэта беларускае слова разам з чэш. мар. očlověčit, славац. učlověčiť з’яўляецца семантычнай інавацыяй, звязанай з арэалам чалавек ’муж’, цэнтр якога знаходзіцца на беларуска-ўкраінскай тэрыторыі.

Ачамрэ́ць ’адчуць слабасць, страціць прытомнасць’, ’учадзець, адурэць’ (КСТ). Гл. чамрэць ’слабець’, параўн. ачмурэць.

Ачамярэ́ць (БРС, Бір. дыс., Шат.) ’адурэць’ (Шат.), ачамера ’дакучлівы чалавек’ (Шат.), ’дурань’ (Цыхун, вусн. паведамл.), укр. очемеріти ’адурэць’. Да чэмер, чамярыца ’расліна Veratum album’, якой уласцівы атрутныя якасці; пад назвай «горкае зелле» выкарыстоўвалася ў народнай медыцыне. Адносна семантыкі параўн. фразеалагізм «абрыд, як горкае зелле», а таксама чамяра́ (пра малых, надакучлівых дзяцей, КСП).

Ача́пацца ’абвешацца чым-небудзь, многа надзець на сябе (міёр., Крыўко, вусн. паведамл.). Ад чапаць ’чапляць’.

Ачапа́цца ’ачуняць, паправіцца’ (Шат.), укр. чарніг. очапатися ’апрытомнець’. Ад чапаць ’павольна хадзіць’; да семантыкі параўн. выхадзіцца ’акрыяць пасля хваробы, выздаравець’, прэфіксацыя, магчыма, пад уплывам ачуняць.

*Ачапі́ць, очэпі́ць ’павесіць, начапіць, надзець’ (КСТ). Да чапіць, чапаць (гл.).

Ачапі́ць ’акружыць’ (КТС). Ад чэп ’ланцуг’, як рус. оцепить ад цепь.

Ачарану́ць, очэрэну́ць ’абкружыць, абступіць’ (КСТ). Ад чарэн (чэрэн) ’мноства, вялікая колькасць чаго-небудзь (часцей за ўсё пра грыбы, калі яны растуць радамі або кругамі)’, параўн. ашарэ́ніць.

Ачаро́мкі ’вокладкі’ (мазыр., ЭШ рук.). Ад чарон, чаранок ’ручка (у тым ліку нажа)’, параўн. чаро́нкі ’пласцінкі ў сцізорыку ці іншага нажа, зробленыя з дрэва або косці’ (Мядзв.); а прыстаўное (магчыма, пад уплывам акладкі, вокладкі), мк на месцы нк, як у пастромкі < пастронкі.

Ачаро́т ’чарот’ (гом. Кіс., ЭШ, Ян., Федар.), ’зараснік трыснягу’ (слаўг., Яшкін), о́чэрэт (Бесар.), очару͡од ’трыснёг’ (Федар.), укр. очерет, рус. очерёт, о́черет, польск. дыял. oczeret (з усходнеславянскіх моў). Да чарот, гл. Фасмер, 3, 178. Трубачоў (Рем. терм., 247) і Мяркулава (Очерки, 48) узнаўляюць для праславянскага стану два варыянты слова čert і o(b)čert (да і.-е. *ker‑, у якім супалі дзве зыходныя асновы са значэннямі ’рэзаць’ і ’плясці). Карскі (1, 160) тлумачыць варыянтнасць чарот//ачарот як ладкі//аладкі, гарод//агарод і да т. п.