Ля 1 ’каля’ (ТСБМ, Мікуц., Мал., Мядзв., Касп., Шат., Бяльк., Я., Сл. ПЗБ), укр. чарніг. ля ’тс’ — скарочаная форма другаснага прыназоўніка каля, які паходзіць з прасл. kolo, па форме — роднага склону назоўніка kolo (ESSJ SG, 1, 88–91; Шуба, Прыназоўнік, 41–43).
Ля 2 ’глянь, бач’, якое стала ў некаторых гаворках пабочным словам (Сцяшк., Сл. ПЗБ). Як пабочнае слова вядома і ва ўкр. гаворках. Скарочанае глянь, ад якога адпала пачатковае г‑ (Карскі, 1, 371; ён жа, Труды, 380), пасля канчатак.
Ля 3, палес. ля мэ́нэ ’дзеля мяне, паводле мне’ (драг., З нар. сл.; Сл. ПЗБ), ’для’ (Касп., Ян., Мікуц.; ельск., Мат. Гом.). Да для (гл.). Узнікла ў выніку адпадзення д‑ перад ‑л‑ (Карскі, 1, 352). Аб узнікненні для шляхам перакрыжавання прасл. dlʼa (< dělʼa) і dьlʼa ’даўжыня’ гл. ESSJ SG, 1, 55–59; Трубачоў, Эт. сл., 4, 234–235; SP, 3, 154–156). Аб ужыванні варыянтаў-сінонімаў для ∼ дзеля гл. Шуба (Прыназоўнік, 41).