Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прасторавае і генетычнае (БРС, Гарэц., Шат.). Агульнаславянскае і праславянскае. Варыянт od (у адрозненне ад варыянта ot) ва ўсіх славянскіх мовах, апрача балгарскай, рускай, лужыцкіх (на ўсходзе граніца паміж імі праходзіць па беларускай тэрыторыі). Параўн. укр. від (< od), рус. от, чэш. od, польск. od, в.-луж. wot, н.-луж. wót, балг. от, серб.-харв. od, славен. od. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. at‑, лат. at, гоц. id, ірл. aith, ст.-інд. áti, ст.-грэч. ἔτι, Траўтман, 16; Ільінскі, РФВ, 57, 507; Развадоўскі, Wybór, 2, 87. Варыянт od — славянская інавацыя ў адрозненне ад варыянта ot, які захаваўся на перыферыі славянскага свету (гл. Андарсен, WS, 14, 3, 316–317) і мае адпаведнасці ў іншых індаеўрапейскіх мовах. Пераход ot > od‑ тлумачыцца або аналогіяй (да nad‑, pod‑) (Бадуэн дэ Куртэнэ, Опыт, 110), або змяшэннем розных па паходжанню ot‑ і odъ (Махэк, Зб. Траўнічку, 183), або камбінаторна-фанетычнымі зменамі (Курашкевіч, SFPS, 4, 22). Найбольш верагодным з’яўляецца апошняе тлумачэнне. Але яно таксама недастатковае, каб зразумець, чаму гэты працэс рэалізаваўся не ва ўсіх славянскіх дыялектах. Спроба Андарсена, там жа, 319, што тлумачыць гэта законам Барталі, здаецца пераканаўчай (гл. Мартынаў, SlW, 63).

Адалі́ска (БРС). Новае запазычанне з рускай мовы, дзе з франц. odalisque, якое з тур. oḍalyḳ (oḍa ’пакой’) (Локач, 127).

Адама́нт (БРС), ст.-бел. адамант ’алмаз’ (пач. XVII ст.) (Булыка, Запазыч.). Запазычанне з ст.-слав. адамантъ, якое ў сваю чаргу са ст.-грэч. ἀδάμας, ‑αντος. Фасмер, 1, 61; Шанскі, 1, А, 45.

Адама́шка ’шаўковая матэрыя’ (БРС, Нас., Гарэц., Байк.), (ст.-бел. адамашка (1486) (Нас. гіст.) праз ст.-польск. adamaszek (Рыхардт, Poln., 29; Кюнэ, Poln., 39) з лац. adamascus (Слоўн. лац., 1, 2, 171). Паходжанне рэаліі з Дамаска (Брукнер, 2).

Адара́ць ’засеянае поле ўзараць, каб на гэтым месцы нешта ізноў пасеяць’ (КЭС, лаг.). Ці не калька з літ. atárti ’ізноў узараць, пераараць’? Раўнаверагодна інавацыя. Гл. араць.

Адаро́бка ’трубка з ліпавай кары для намотвання нітак для сушкі’ (Касп.), ’калі ў нейкай рэчы асяродак выпаражніцца, а бакі стаяць’ (КЭС, КТС). Параўн. адаробак ’старая бытавая рэч’, адаробачны ’ўстарэлы’ (Яўс.). Гл. дораб ’плецены кош’.

Адбаўля́цца ’імкнуцца пазбавіцца каго-небудзь’ (Нас.), адбаўляць ’змяншаць; частаваць’ (Нас., Касп.). Гл. бавіцца.

Адбі́так (БРС, Гарэц., Др.-Падб.). Новае запазычанне з польск. odbitka.

Адбі́ты ’агароджаны’ (Жд.), адбіць ’адгарадзіць’ (БРС) калька з літ. atmùšti ’адбіць, аддзяліць, адгарадзіць’. Параўн. літ. pérmušti ’перагарадзіць’ і бел. перабіўка ’перагародка’ (Жд.). Літ. mùšti азначае не толькі ’біць’, але і ’дзяліць на часткі’ (гл. Чэкман, Baltistica, VIII (2), 1972, 149).

Адбі́цца ’пакрыцца (пра кабылу)’ (Сцяц.), польск. (паўдн.-усх.) odbić się ’тс’ калька з літ. atsimùšti ’адбіцца, пакрыцца’ (гл. Чэкман, Baltistica, VIII (2), 1972, 149).