Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ага́ ’так’ (Шат., Гарэц., Нас.), агы ’тс’ (КСТ), укр. ага, рус. ага, польск. aha, чэш. aha, славац. aha, балг. аха, славен. aha. Тлумачэнне інтэрвакальнага г як другаснага (Шанскі, 1, А, 37) не пераконвае. Больш верагодна ага < а‑га. Тут а‑ мае сваю першасную выклічнікавую функцыю, другі элемент выкарыстоўваецца таксама самастойна. Параўн. га?ага. Параўн. таксама чэш. ano ’так’ (< a‑no). Няпэўнай здаецца старая сувязь з адпаведнымі формамі іншых еўрапейскіх моў (гл. Слаўскі, 1, 23).

Агада́ць ’здабыць, прыпасці’ (Сцяшк. МГ), ’набыць, купіць, узяць напавер’ (КЭС, лаг.), гл. гадаць. Параўн. рус. загодя ’загадзя’. Развіццё семантыкі наступнае: ’загадаць, гадаць’ — ’загадаць, каб было зроблена’. Прэфіксальны элемент у форме агадаць адчуваецца на семантыцы віду (агадацьгадаць), таму а‑ не пратэтычнае.

Ага́ззю ’нахабна’ (Касп.) да агазны (гл.).

Ага́знуць ’асіпнуць, ахрыпнуць’ (КСТ). Параўн. балг. газя ’крычаць, сварыцца’. Ці не да агазны? (гл. Трубачоў, Этимология, 1972, 23).

Ага́зны, агазлівы ’надакучлівы, свавольны’ (Касп.), агазлы (так гавораць пра рэч, якая няўдала зроблена і выгляду не мае) (КЭС, лаг.). Параўн. славен. gáziti se ’выклікаць агіду’ (Безлай, ВЯ, 1967, 4, 53). Магчыма, да *gazditi < *gadditi (Трубачоў, Этимология, 1972, 23). Параўн. славенскі дублет gáziti se/gáditi se з бел. гадзіцца ’адчуваць агіду’ і агазлы.

Аганя́цца, аганяць хвастом ’адмахвацца (ад авадней, сляпнёў і інш.)’ (КЭС). Гл. агон.

Агапа́ць ’скакаць’ (Арх. ГУ) да гоп (гл.).

Агаро́д ’гарод’, укр. огород, рус. огород, польск. ogród сад пладовы’ да гарадзіць (гл.), а‑ прэфіксальнае. Арэал распаўсюджання гэтага інавацыйнага ўтварэння досыць абмежаваны. Інавацыя мае семантычны характар (параўн. серб.-харв. оград ’усё, што агароджана’).

Ага́та ’прызба’ (Сцяшк.), ’уцяпленне хаты на зіму’ (Сцяшк. МГ), агачыць ’закідаць прызбу’ (Сцяшк.), ’уцяпліць хату на зіму’ (Сцяшк. МГ) да гаць, гаціць (гл.).

Ага́ткі ’Antennaria’ (БРС). Відавочна, прыпадабненне акоткі да антрапоніма Агата. Параўн. акоцце.