Аглаба́ ’жардзіна ў азяродзе’ (КЭС, лаг.), аглабіца, аглабіна ’тс’ (КТС). Гл. аглобля.
Аглама́жжацца ’пазбавіцца памяці і ўвагі’ (Нас.), агламажжаць ’аглушаць’ (Грыг.), агламажоны. Магчыма, ‑ажж‑ < ‑ажд‑ < ‑азд‑. Гл. агламаздаць.
Аглама́здаць, агламэздаць ’абварганіць’ (БРС), агламадзіць ’з большага ачасаць’ (КЭС, лаг.). Магчыма, да гломазд ’хлам’ (гл.).
Аглаша́ць ’пераконваць’ (Хрэст. дыял., брасл.) да царкоўнаславянскага глашати, гласъ ’голас’. Параўн. аглашэны.
Аглашэ́ны ’някемлівы, прыдуркаваты’ (Нас.), рус. оглашенный да царкоўнаславянскага. Першапачаткова, аглашэны ’пераконаны’ (гл. аглашаць), а потым экспрэсіўна-іранічнае ’някемлівы’ (магчыма, пад уплывам аглушаны) (Праабражэнскі, 1, 141).
Агло́бля, аглабня (КТС), аглабіна, аглабец ’верхняя частка драбін’ (Бір. дыс.), укр. оголоблі, рус. оглобля, оглобень, агульнаўсходнеславянскае да глоба ’балка’. Параўн. балг. зглоб, серб.-харв. згло̏б ’частка цела, член’, о̀глобље ’частка ткацкага стану’, чэш. ohlobně ’слуп’. Мяркуючы па апошніх дзвюх формах, усходнеславянскае слова — семантычнае новаўтварэнне або новаўтварэнне з больш шырокім арэалам (і тады словаўтваральна-семантычнае). На захадзе гэта слова ў значэнні ’аглобля’, магчыма, было выцеснена нямецкім па паходжанню дышаль. Гл. Патабня, РФВ, 5, 125; Брандт, РФВ, 22, 121; Ільінскі, РФВ, 62, 256. Бліжэйшыя індаеўрапейскія паралелі: літ. glóbti ’ахапіць’ і іншыя балтыйскія формы.
Аглу́зжацца ’знепрытомнець’ (Нас.), аглуздацца ’апрытомнець, прыйсці ў сябе’ (КТС), аглуздзелы (КТС) да глузд (гл.).
Аглу́міцца ’адурэць’ (Нас., Касп., Гарэц.), аглумляцца да глум; а‑ прэфіксальны, як аб гэтым можна меркаваць на падставе граматычнага значэння дзеяслова. Семантычнае развіццё таксама даволі празрыстае ’глуміцца’ > ’рабіць дурным’.