Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

С, са — прыстаўка, са — прыназоўнік. Гл. з.

Саба́ка1 м. р. ’свойская жывёліна сямейства сабачых, якая выкарыстоўваецца для вартаўнічай аховы, язды (на Поўначы), на паляванні і пад.’ Укр. соба́ка с. і ж. р., рус. соба́ка ж. р., ’тс’. За межамі ўсх.-слав. моў толькі польск. дыял. sobaka (Вялікапольшча; у Верхняй Сілезіі — як лаянка); каш. sobaka ’разбэшчаны чалавек’. Большасць даследчыкаў лічаць слова запазычаннем з іран.; параўн. сяр.-іран. *sabāaka‑, сяр. парсі sabah (напр., Уленбек, 322), авесц. spaka‑, прым. ’сабачы’, spā ’сабака’, мідыйск. σπάκα (гл. Фасмер, 3, 702 з літ-рай). Пры гэтым польскае і кашубскае словы тлумачацца як запазычанне з рускай, «з мовы фурманаў» (Міклашыч, 312; Развадоўскі, RO, 1, 107; Брукнер, 53; таксама Шцібер, SOr, 27, 257–258 кашубскае слова лічыць новым пранікненнем у часы вайны з мовы беларускага або рускага насельніцтва. Супраць Фасмер, там жа і Сялішчаў, ИОРЯС, 32, 308. Міклашыч (Türk. El. Nachtr., 2, 184) і Корш (у Фасмера, 3, 702), абараняючы іранскае паходжанне, лічаць магчымым цюркскае або фінскае пасрэдніцтва. Фасмер (там жа) выказвае меркаванне, што давесці гэтага нельга, а як семантычнае абгрунтаванне прыводзіць італ. alano, ст.-франц. праванс. alan ’дог’, якое з нар.-лац. alanus ’аланскі’, г. зн. іранскі сабака. Другі, кардынальна адменны пункт погляду на паходжанне слова ў Трубачова (Происх., 29 і наст.), які, указваючы на фанетычныя і знешнелінгвістычныя фактары, лічыць слова цюркізмам < цюрк. köbäk ’сабака’. Змена роду ў бел. і ўкр. ⁺собака Карскі (Белорусы 2–3, 15) тлумачыць паўсюдным ужываннем для істоты ж. р. слова сука, г. зн., відаць, проціпастаўленню рус. кобельсука адпавядае бел. і ўкр. сабакасука.

Саба́ка2 ’мерка для раўнамернага набівання рашацін на страху’ (Шат.), ’заціскачка’ (Сл. ПЗБ), ’палка для ўмацоўвання кола задняга навоя’ (Жыв. сл.), соба́ка ’вілы з загнутымі ўніз канцамі’ (Выг.). Да сабака1. Семантычную матывацыю гл. сабачка2.

Саба́ка3 ’устарэлая мера дроў’ (лун., Шат.). Параўн. сабачкі3. Відаць, ’столькі дроў, колькі памяшчаецца на такіх санках’.

Саба́кі ’гульня’ (Бяльк.). Рус. паўн. соба́ка ’палка, якой ганяюць сучку, шар у гульні’, укр. соба́ка ’назва некаторых з гуляючых у гульню пыж’. Да сабака1, 2, але семантычная матывацыя няясная, паколькі апісанне гульні адсутнічае.

*Сабакрут, собакру́т ’сцяпёр, маркоўнік’ (ТС). Няясна. Магчыма, гаплалогія з *сабакакрут, ад сабака і круціць, але матывы намінацыі невядомыя.

Сабані́ць ’падаць (пра дождж)’ (Сл. рэг. лекс.). Рус. перм., вяц., каз. саба́нить ’моцна дзьмуць, як саплом, цягнуць, цячы, імкнуцца’. Рускае слова падаецца Далем у гняздзе саба́н ’плуг’ (гл. наступнае слова). Геаграфія слоў і націск указвае на невялікую магчымасць сувязі паміж імі. Калі рус. слова ўтворана ад сабан, бел. слова магло мець тую ж крыніцу, але, відаць, было запазычана ад татарскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусь Хутчэй за ўсё, да цабаніць ’падаць (пра дождж)’, гл.

Сабанту́й ’у татараў і башкіраў народнае свята, звязанае з заканчэннем веснавых палявых работ’, ’шумлівая пагулянка; калатня, бітва’ (ТСБМ). Праз рус. сабанту́й ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 74) з тат. сабанту́й ’банкет у канцы свята веснавога ворыва’, ад сабан ’двухколавы плуг’ і туй, той ’банкет, баль’; гл. Трубачоў, Дополн., 3, 541. Аб магчымым існаванні слова сабан і ў бел. гаворках сведчыць наяўнасць яго ў гаворках беларускіх перасяленцаў у Сібіры: “пахалі бабы, плугоў не была, сабані толькі” (Бел.-рус. ізал., 120).

Сабарно́ ’вялізны сабака’ (ТС, Скарбы), сабо́рно ’сабака’ (Мат. Гом.). Укр. соба́рний ’сабачы’; сюды ж, відаць, рус. пск. соба́рник ’буян, грубіян’, соба́рничать ’буяніць’. Нейкі складаны словаўтваральны варыянт ад сабака1. Магчыма, першапачаткова частка ‑ака ў гэтым слове была заменена экспрэсіўным суфіксам ‑ара (‑ор) (аб суф. гл. SP, 21 і наст.), адкуль быў утвораны прым. з суф. ‑н‑, гл. украінскі прыклад. Прыметнік быў субстантываны суф. ‑о. Няпэўна.

Са́бас ’субота ў яўрэяў’ (Гарэц.), саба́х ’малітва ў татараў’ (Скарбы). З ша́бас (гл.), з асімілятыўнай менай ш > с.

Саба́ць ’калоць’ (гродз., З нар. сл.). З зобаць?

Саба́чка1 памянш. да сабака1 (гл.).

Саба́чка2 ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, ’прыстасаванне ў машынах, механізмах, якое перашкаджае руху назад зубчастага кола’ (ТСБМ), ’прылада, пры дапамозе якой здымаюць бобы’ (Сцяшк. Сл.), ’частка ткацкага станка’, ’слясак’ (Мат. Гом.), ’дэталь у ніты красён’ (Сл. ПЗБ), ’палачка, якая злучае панажы з нітамі’ (Жыв. сл., Нар. сл.), ’прылада ў кроснах, якая трымае набілкі на патрэбнай вышыні’ (Бяльк.), ’кружкі ў кроснах, на якіх перамяшчаюцца ніткі асновы’ (Сцяшк. Сл.), соба́чка ’вільчак’ (палес., Нар. сл.), соба́чкі ’тры маленькія драўляныя палачкі па абодвух баках ніта’ (Влад.). Агляд семантыкі бел. сабачка гл. таксама Н. А. Старасценка, Бел. мова, 8, 1981, 77 і наст. Параўн. рус. соба́чка ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, а таксама назвы дэталяў для захвата, зачэплівання чаго-небудзь, у тым ліку і ў кроснах. Да папярэдняга слова.

Саба́чка3 ’галоўка дзядоўнік, шышка’ (Нас., Байк. і Некр.). Рус. собачка ’тс’. Да сабачка1 па ўласцівасці зачэплівацца. Параўн. яшчэ ваўчкі.

Саба́чка4 ’мужчынскі гальштук у выглядзе банта’ (Сл. рэг. лекс.). Да сабачка1 па знешняму падабенству.