Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ся — выгук, каб спыніць гутарку: Sia! dzieci (Варл.), ’ша!’: Ціха, ся! (ашм., Стан.). Запазычана з т. зв. літвацкага дыялект мовы ідыш, дзе замест š вымаўляецца s, параўн. Астравух, Ідыш-бел. сл., 27. Гл. ша.

Ся́бар ’друг, прыяцель, таварыш’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Сл. ПЗБ, ЛА, 3), ’швагер’ (шчуч., Сл. ПЗБ), ’кампаньён, супольнік’ (паст., Сл. ПЗБ), ’халасцяк (стары)’ (Мат. Гом.), сябр, себр ’родзіч, брат; сябар’ (Нас.), ся́бер (siaber) ’супольнік у кожнай справе’ (Пятк. 2, Сержп., ЛА, 3): на вяселлі маладым даруюць паўкаровы… паўкалоды пчол або што другое, каб быць сябрамі (Сержп. Прымхі), ’пакупнік і прадавец адзін для другога’ (чырв., З нар. сл.), ’таварыш у мове злодзеяў’ (Арх. Федар.), сябёр ’чалавек, які што-небудзь купіў у другога ці прадаў другому’ (Бір. Дзярж.), ’здаравенны тоўсты чалавек, брысюга; ненадзейны таварыш’ (Бяльк., Юрч.), ся́бра ’ўдзельнік, пайшчык, супольнік, калега’ (Ласт.), ’прыяцель, кампаньён’ (Касп., Варл.), сябрава́ць ’дружыць’ (Касп.), ’працаваць супольна’ (Ласт.), ’узаемна дапамагаць у плытніцкай справе’ (віл., Сл. ПЗБ), сябрава́цца ’прымазвацца, набівацца ў супольнікі’ (Пятк. 2), ’супольна дзяржаць пчол’, сябро́ўскія (сябе́рныя) пчолы ’супольныя пчолы, якімі карыстаюцца два гаспадары’ (віл., Сл. ПЗБ, Сцяшк.), сябэ́рскія пчолы ’тс’ (ашм., Сл. ПЗБ), сябэ́рка ’суполка на пчол’ (паст., Сл. ПЗБ), ст.-бел. себры ’назва людзей у ВКЛ, якія сумесна карысталіся ворнай зямлёй, прамысловымі ўгоддзямі і інш.’ (Ст.-бел. лексікон), се́бреный ’агульны, супольны’ (там жа). Укр. ся́бер ’удзельнік зямельнага ўладання’, ’кампаньён у гандлёвым прадпрыемстве’, ’сапернік’, ’швагер’, дыял. палес. сябро́ ’няўклюдны, нялоўкі чалавек’, рус. сябёр ’сусед, сябар, пайшчык; член суполкі з правам голаса’, паўн.-рус. сябра́, ся́бра ’суполка, арцель, агульная справа’, стараж.-рус. сѧбръ ’сусед, член адной грамады’, серб.-харв. се̏бар ’земляроб’, ст.-серб. себьр ’селянін, член грамады свабодных земляробаў’, себрь ’палавіншчык, удзельнік, кампаньён’, славен. srebər ’селянін’; сюды ж каш. sibřec są ’падлізвацца, падлабуньвацца’, польск. аргат. siewrać ’размаўляць на зладзейскім жаргоне’. Адзінай этымалогіі, таксама як і адзінай славянскай праформы, няма. Прасл. *sębrъ узнаўляецца на аснове запазычанняў са славянскіх моў: алб.-таск. sëmbër ’здольнік, саўладальнік скаціны’, новагрэч. σεμπρος ’здольнік’, венг. cimbora ’сябар, прыяцель’, арум. simbru ’земляроб, які мае аднаго вала і ўступае ў суполку з іншым уладальнікам вала’, рум. sîmbră ’грамада, абшчына’; узнікла, па адной версіі, з *sem‑ro (з устаўным ‑b‑) і звязана з *sěmьja (Трубачоў, История терм., 166; Каліма, AfslPh, 17, 343). Па іншай версіі, прасл. *seberъ роднаснае гоц. sibja ’роднасць’, ст.-в.-ням. sippa ’тс’, ст.-інд. sabhā́ ’сукупнасць, збор’ (Мее, 14; 342; Атрэмбскі, WSl, 16, 188). Падрабязней агляд ранейшых версій гл. Фасмер, 3, 824 з літ-рай. Гл. таксама Ляпуноў, Сб. ОРЯС, 101, 3, 257–263; Папоўска–Таборска, ZNGd, Slavistyka, 6, 219–226; Гаспарыні, RiS, 8, 3–28 (звязвае семантыку слова з экзагаміяй); SEK, 4, 270 і наст. Няясныя адносіны да літ. sė̃bras ’палавіншчык, таварыш’, лат. sę̄brs ’сусед’ (запазычанні з бел. сябр ці спрадвечныя балцкія формы без насавога?). Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495. Борысь (Etymologie, 207) значэнне ’прыяцель’ лічыць беларускай семантычнай інавацыяй.

Сябе́, Р. скл.; Д., М. скл. сабе́, Тв. скл. сабо́ю, займеннік зваротны; указвае на адносіны дзеяння да таго, хто ўтварае (дзейніка) (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), Р. скл. себе (ТС), ст.-бел. себе ’тс’ (Альтбаўэр). Укр. се́бе́, собі́, собо́ю, рус. себя́, себе́, собо́й, собо́ю, ст.-рус. себе, собѣ, собою, польск. siebie, sobie, sobą, в.-луж. sebje, sebe, sobu, н.-луж. sebje, sobu, палаб. sibě, чэш. sebe, se, sobě, si, sebou, славац. seba, sa, sebe, sebou, серб.-харв. сѐбе, сѐби, со̏бом, славен. sȇbe, se, sȇbi, sebéj, балг. се́бе, си, се, макед. себе (си), се, ст.-слав. себе, себѣ. Прасл. *sebě, В. скл. *sę; *sebe узнікла з *seve пад уплывам Д. скл. адз. л. *sebě; параўн. літ. *savę̃s, sãvo ’сябе’, *sebě ’сабе’ роднаснае ст.-прус. Д. скл. sebbei ’сабе’, оск. sífei, лац. sibī ’сабе’, грэч. σφί(ν) ’яму’, літ. sávei (v — з Р. скл. адз. л., параўн. вышэй); да і.-е. *s(e)u̯‑/*s(e)u̯o‑/se з першасным значэннем ’убаку; апрача’. Гл. Траўтман, 251–252; Фрэнкель, 767; Скок, 3, 211; Фасмер, 3, 586, 588; Шустар-Шэўц, 1278; Бязлай, 3, 220; ESSJ SG, 2, 600.

Ся́бра. Гл. сябар.

Сябры́на ’кола, асяроддзе сяброў; сяброўская бяседа’ (ТСБМ), ’суполка, арцель’ (Ласт.), ’хаўрус работнікаў’ (Гарэц.), ’блізкія па поглядах людзі, дружбакі; талака, грамада’ (Янк. БП, Сцяшк.), ’супольнікі’ (Сержп. Прымхі). Зборны назоўнік ад сябар (гл.), параўн. себра, гл.

Сява́лка ’лубянка для ручной сяўбы’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Нік. Очерки, Др.-Падб., Шат.; ЛА, 5), сева́лка, севя́лка, сіва́лка ’тс’ (шальч., докш., рас., круп., Сл. ПЗБ), сіва́лка ’тс’ (Бяльк.); сюды ж севе́ялка (смарг., Сл. ПЗБ) з дадатковай апеляцыяй да ве́яць, гл. Укр. сіва́лка, рус. сева́лка ’тс’. Дэрыват з суф. ‑алк ад *сяваць, параўн. высяваць, засяваць, укр. сіва́ти, рус. сева́ть, шматкратнага дзеяслова да сеяць (гл.); да словаўтварэння гл. Сцяцко, Афікс. наз., 51.

*Сява́р, сева́р ’сейбіт’ (ТС, Выг., Сл. Брэс.). Параўн. старое польск. siewiarz ’тс’. Рэгіянальнае ўтварэнне ад дзеяслова *сяваць з суф. ‑ар, гл. Сцяцко, Афікс. наз., 30; Вярхоў, Наз., 26.

Сяве́нька ’сявалка’ (ТСБМ, Нас.; лях., Янк. Мат.), сяве́нка, сяве́нька ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 5), сяве́нка ’тс’ (Сцяшк.), севе́нка (воран., Сл. ПЗБ), севе́нь ’тс’ (ТС). Этымалагічна тое ж, што і сява́лка (гл.), але з іншым суфіксам.

Сяве́ц1 ’сейбіт’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл., Мат. Гом., Сцяшк.), севе́ц ’тс’ (Арх. Вяр.). Да сеяць, гл. папярэднія словы.

Сявец2 ’невялікая птушка атрада сеўцападобных’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Касп.), ’птушка, якая прылятае да нас, калі сеюць жыта’ (Варл.; мёрск., ЖНС), се́ўка, сі́ўка ’птушка Charadrius pluvialis L.’ (Ласт.). Параўн. укр. си́вка ’птушка Pluvialis Briss’, сі́вка ’птушка Charadrius pluvialis L.’, рус. си́вка, си́вчик ’тс’, польск. siewka ’тс’, siejka ’птушка Pluvialis L.’, siewnica, posewnica ’птушка з сям’і кнігавак, Squatarola helvetica’. Няясна; звычайна звязваюць з сеяць: як пачынаюць сеіць, сяўцы лётаюць і крычаць (ЖНС, 74), параўн. таксама Брукнер, 487; Варш. сл., 6, 110. Пра магчымасць збліжэння з сівы (гл.) сведчыць іншая назва птушкі сернік2 (ад серы ’шэры’), гл. Параўн. ЕСУМ, 5, 224; Антропаў, Назв. птиц, 370.

Сяг ’мера даўжыні’ (Я. Сіпакоў). Параўн. укр. сяг ’сажань; мера даўжыні ў досегу рук (каля 3–4 м)’, рус. сяг ’адлегласць у межах дасягання рук’, польск. siąg ’мера даўжыні’, чэш. sáh ’сажань’. Вытворнае ад сягаць, гл. Насуперак Праабражэнскаму (2, 248), не звязана з сігаць (гл.), параўн. таксама пярэчанні ў Фасмера, 3, 825.