Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сха́дзка, сха́жка ’сходка; згода, стачка’ (Нас.), сха́цка ’сяброўства’ (Сцяшк. Сл.), схажа́цца ’схадзіцца, пагаджацца’ (там жа), ст.-бел. схадзка, схажка, схадка ’збор, сходка, сустрэча, спатканне’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. schadzka ’тс’ (Карскі, Белорусы, 149; Булыка, Лекс. запазыч., 38), апошняе ад schadzać (< chadzać ’хадзіць, бываць’, Борысь, 540); пад польскім уплывам фанетычна адаптаваны формы, параўн. хаджаць, гл.

Схаласо́піць ’распрадаць за нішто’ (Сцяшк. сл.). Няясна; магчыма, экспрэсіўнае ўтварэнне на базе мясцовага хало́сны ’халасты, нежанаты’ (гл.), другая частка нагадвае народнае хвіласо́п ’філосаф’ (Нас.), chwałazòp ’тс’ (Пятк. 2).

Схамяну́цца ’раптам успомніць, заўважыць памылку’, ’падхапіцца, здрыгануцца’ (ТСБМ), ’спахапіцца, апамятацца’ (Нас., Касп., Растарг., Янк. 3., Сержп.), ’супакоіцца, сціхнуць’ (паст., Сл. ПЗБ), ’страпянуцца’ (Нар. Гом.), схамыну́тысь ’адумацца, апамятацца’ (Клім.). Параўн. укр. схаменутися ’тс’. Узыходзіць да *sъ‑xa‑menǫti sę (Мяркулава, Этимология–1983, 62), паводле ЕСУМ (5, 490), з с.-в.-ням. schamen, schëmen ’саромецца’. Гл. хамянуцца.

Сха́пвацца ’імгненна з’яўляцца, застываць’ (ПСл), сха́пацца, сха́пвацца, схо́пвацца ’ўтварацца, з’яўляцца, усхоплівацца’, ’хутка згушчацца, збірацца’ (ТС). Да хапаць, гл.

*Схва́нуць, схва́нуты ’схапіць’ (Сл. Брэс.). Параўн. балг. схва́на ’зразумець, засвоіць’, ’схапіць, стаць нерухомым, звесці (ад болю)’, макед. сфана ’зразумець, улавіць (сэнс)’. Дзеяслоў аднакратнага дзеяння ад схваці́ць ’схапіць’, што да *xvatati ’хапаць, лавіць’ (гл. хватаць). Пра семантычны паралелізм палес. схваці́ць ’зразумець, засвоіць’, серб.-харв. схва̏тити ’тс’ і пад., гл. Талстыя, Полес. сб., 10.

Схед: (маладая) на схєдъ стояла, з долей размоўляла, тлумачыцца “на сходѣ, перед отправлением в церковь” (Доўн.-Зап., Пін.). Відаць, да польск. дыял. sched ’сход’.

Схеда ’частка вёскі па некалькі хат’ (мір., Я. Брыль). З польск. scheda ’частка маёмасці, спадчына, атрыманы ў спадчыну кавалак зямлі’, першапачаткова ’картка, аркуш’ з лац. scheda ’аркуш, старонка’, што з грэч. σχίη ’дошчачка, трэска, аддзеленая частка’ (Брукнер, 57; Варш. сл., 6, 43; ЕСУМ, 5, 490).

Схе́ма ’спрошчаны чарцёж, агульны план, накід’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), схэ́ма ’тс’ (Ласт.). Запазычана праз польскае пасрэдніцтва або непасрэдна з лац. schema ’выгляд, знешнасць, фігура’, што паходзіць з грэч. σχῆμα ’тс’ (Фасмер, 3, 815; ЕСУМ, 5, 490).

Схібну́цца ’памерці’: “Як матуля жыла, часценька гасціла // Матуленька схібнулась, гасціна мінулась” (свісл., Ант.), ’памыліцца’ (Нас., Стан.), схі́бны ’падманны, ненадзейны’ (Нас.). Да хібіць, хібы, гл.

Схі́зма ’раскол, раздзел цэркваў’ (ТСБМ), ’адшчапенства’ (Некр. і Байк.), схізма́тык ’раскольнік, хто належыць да схізмы’ (ТСБМ). Ст.-бел. схизма ’ерась’ (Ст.-бел. лексікон), схизма, зхизма, схисма, сцызма ’рэлігійны раскол’ (1583 г.) са ст.-польск. schizma ’тс’ (XVI ст.) < лац. schisma ад грэч. σχίσμα ’раскол’ (Булыка, Лекс. запазыч., 181). Гл. таксама сызма.