Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сход1 ’сумеснае пасяджэнне, збор’ (ТСБМ, Гарэц., Некр. і Байк., Ласт., Бяльк., Растарг.). Дэвербатыў ад сыходзіцца ’збірацца’, да ход, хадзіць, гл.

Сход2 ’усход (сонца і пад.)’ (Некр. і Байк., Сцяц. Сл., Сл. ПЗБ, ТС), ’усход (кірунак свету)’: тут сход, а там полудзянь (Сл. рэг. лекс., Сцяц. Сл.), ’трэцяя квадра месяца, апошняя фаза’ (Нас., Ласт., Касп., Мядзв., Гарэц., Сл. ПЗБ, ТС, Сцяшк. Сл., ЛА, 2, Растарг., Мат. Гом.). Дэвербатыў ад схо́дзіць ’узыходзіць (пра сонца)’ (Сцяшк., Скарбы, Сл. ПЗБ), ’знікаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), што да хадзіць (гл.), параўн. узыхо́дзіць, сысці́.

Схо́дні: сходнія дні ’дні ў апошняй фазе месяца’ (Сержп. Прымхі, Сл. ПЗБ, Касп.), схо́дные дні ’тс’ (Пятк. 2). Гл. сход2.

Схо́ды ’лесвіца, ступенькі лесвіцы’ (ТСБМ, ТС, Бяльк.; зах.-бел., ЛА, 4; Сл. ПЗБ), схо́дкі ’прыступкі’ (ТСБМ, Некр. і Байк.; паст., Сл. ПЗБ); паводле Сл. ПЗБ (там жа), з польск. schody ’тс’; схо́дцы ’тс’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Ян., Мат. Гом.), відаць, самастойнае ўтварэнне.

Схон ’схіл’ (А. Зарэцкі), ’упадак, канец’: усё на схон ідзе (ЛіМ, 1995, 1 снеж.). Ад схінуць, гл.