Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сю́бар ’каханак’ (Барад.). Магчыма, дэфармаванае сябар, гл.

Сюго́-о-о-о! ’гэтак пастух заве статак у лесе’, сюго́каць ’моцна крычаць у лесе’ (Варл.). Выклічнік, першую частку якога можна суаднесці з сю-сю-сю ’падзыўныя словы для кароў’ (гл.), другую — з узмацняльнай часціцай ‑га, параўн. выклічнік цю‑га! (гл.). Параўн. рус. дыял. сыга, сыго для адгону рагатай жывёлы, якое Германовіч (Междом., 68) звязвае з назвамі быка, каровы, вала ў цюрк. сыгыр.

Сюд ’тут’ (калінк., З нар. сл.), сюд‑туд ’раз-пораз, вельмі часта; узад і ўперад, з аднаго боку ў другі’ (ТСБМ, Сцяшк.), сюд‑не‑ту́д, сюд‑ту́д, сюд‑то‑ту́д ’тс’ (ТС), з перасэнсаваннем абедзвюх частак і збліжэннем да тут (гл.): сют‑тут ’хутка’ (Сл. ПЗБ). Скарачэнне з сюды‑туды; гл. сюды, туды.

Сюды́ ’ў гэты бок; у гэта месца’ (ТСБМ, Нас., Касп., Ласт., Шат., ТС, Сл. ПЗБ, Растарг., Бяльк.), сюда́ ’тс’ (Ян.), суды́ ’тс’ (Растарг.), сюды́‑туды́ ’ў розныя бакі, у некаторыя месцы’, параўн. таксама з рознымі суф.: сюда́е, сюдо́е ’ў гэты бок’ (Нас.), сюдо́й, сюдо́ю ’гэтай дарогай, па гэтаму шляху’ (Нас., Бяльк., Ласт., Касп.; бялын., Янк. Мат.; З нар. сл., Сл. ПЗБ), сюдэ́ма, сюды́ма, сюда́ма, сюдэ́, сюдэ́й, сюда́мух ’у гэтае месца, па гэтай дарозе’ (Сл. ПЗБ), сюдэ́йма ’тс’ (Мал.), сюды́кава ’тс’ (Сцяшк.), сюды́нака ’тс’ (Жд. 2), ст.-бел. сюды ’тс’ (1580 г., Карскі 2-3, 66). Укр. сюди́, сюд, рус. сюда́, дыял. сюды́, стараж.-рус. сюда, сюду, польск. siędy ’тут’, ст.-чэш. sudy ’сюды’, чэш. odsud ’адсюль’, старое серб.-харв. суду ’сюды’, славен. дыял. sọ̑d ’тс’, ст.-слав. сѫдоу ’тс’. Прасл. *sǫda, якое ўтворана ад указальнага займенніка і суф. *‑nda < і.-е. *‑ndhe; гл. Фасмер, 3, 822; ESSJ SG, 2, 613–614; Бязлай, 3, 285; формы з мяккім с‑ пад уплывам Р. і Д. скл. займенніка сей, гл. (Фасмер, там жа; ЕСУМ, 5, 493). Карскі (там жа) у канцовым ‑ды бачыць “скамянелую” форму Тв. скл. мн. л. Гл. яшчэ ESJSt, 14, 860–861.

Сю́каць ’мачыцца’, сю́сіць ’тс’, сю́сі, сю́січкі — выклічнік ужываецца, калі дзіця прымушаюць памачыцца (Нас.). Параўн. укр. сю́кать, сю́сяти, рус. сю́катъ, сю́сить ’тс’, польск. siusiać. З сікаць (гл.) у выніку экспрэсіўнага змянення (Фасмер, 3, 822; ЕСУМ, 5, 494). У аснове, відаць, гукаперайманне, што перадае цурчанне, параўн. Горбач, Дитяч., 2.

Сю́мзяць ’плакаць, капрызіць’ (Сцяшк. Сл.). Відаць, гукапераймальнага паходжання, параўн. румзаць ’тс’ (гл. румза).

Сю́ргаць ’сёрбаць, есці што-небудзь рэдкае’ (Бяльк.), сю́ргаўка ’птушка юрок (?)’ (астрав.; Цыхун, вусн. паведамл.). Гукапераймальнае, гл. наступнае слова.

Сю́ркаць ’цвыркаць’, сю́ркаўка ’птушка берасцянка’ (глыб., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. сю́ркати ’цвыркаць’, польск. siurczeć ’цурчэць; цячы цурком’, н.-луж. śurkotaś ’цвыркаць, шчабятаць; цурчэць’. Гукапераймальнае, параўн. ЕСУМ, 5, 494.

Сюрпры́з ’нечаканы падарунак; нечаканае здарэнне’ (ТСБМ), ’неспадзяванка’ (Гарэц.). Запазычана праз рус. сюрпри́з ’тс’ з франц. surprise ’нешта дзіўнае, неспадзяванка’ ад дзеяслова surprendre ’дзівіцца, здзіўляцца’ (Фасмер, 3, 823; ЕСУМ, 5, 494).

Сюрту́к ’бурка, шырокая адзежына з даматканага сукна з башлыком’ (Цых.). Запазычана з рус. сюртук ’сурдут’, што з франц. surtout ’шырокая верхняя адзежына’ (Фасмер, 3, 823; ЕСУМ, 5, 495).