Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сёдні ‘сёння’ (Гарэц., Ласт., Ян., Мат. Гом.), сёдне ‘тс’ (Сл. Брэс.), ся́дні ‘тс’ (Нас.). Гл. сёння; форма без асіміляцыі д > н.

Сёй-той ‘некаторыя (нямногія) людзі’ (ТСБМ). Спалучэнне ўказальных займеннікаў, што ўзыходзяць да *sь (гл. сей) і *tъ (гл. той). Сёй з сей пад уплывам той, з якім звычайна спалучаецца ў сказе, у тым ліку і ў самастойным ужыванні (Карскі 2-3, 342), аналагічна сёе‑тое ‘нямногае, нешта, некаторыя рэчы’ (ТСБМ), сёя‑тоя ‘што-небудзь’ (Сл. ПЗБ), параўн. i siòje, i tòje (Федар. 4), сё й то (ТС), але сей год, да сего́ дажыўся (Ян.). Пераход е > ё тлумачаць уздзеяннем націску (гл. ESSJ SG, 2, 618), параўн. аднак ні сёго́ ні того́ (ТС).

Сёкер ‘сякера, тапор’ (Касп.). З *секера ‘тс’ (гл. сякера) пад уплывам тапор (змена ж. р. на м. р., адсячэнне канчатка і пераход е > ё пад націскам).

Сёк-сёк-сёк ‘падзыўныя для кароў’ (тураў., ДАБМ, камент., 895). Няясна. Нагадвае метатэзу падзыўных ксʼо‑ксʼо‑ксʼо (староб., ДАБМ, там жа), якія магчыма супаставіць з польск. дыял. kse > se, у чым бачаць далёка прасунутую рэдукцыю першапачатковага k sobie; гл. Махэк₂, 534; параўн. аналагічнае паходжанне ўкр. соб! (пры паганянні валоў), гл. Смаль-Стоцкі, Приміт., 31. Не выключана і новае паходжанне, з дзіцячай мовы, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт., 25 і наст. Гл. таксама ЕСУМ, 3, 117 (ксо́бі).

Сёлета ‘сяголета’ (ТСБМ, Нас., Шат., Гарэц., Яруш., Мядзв., Касп., Бяльк., Сцяшк., Варл., Сл. ПЗБ, ТС, ЛА, 2), сёлетка ‘тс (Янк. 3.), сёлетні ‘сяголетні’. Вытворнае ад займ. *sь ‘гэты’ (гл. сей) і Р. скл. лета ў значэнні ‘год’. Параўн. рус. се́го́ду і ўкр. сері́к ‘тс’; гл. аб рус. слове Фасмер (3, 589). Аб пераходзе е > о гл. Карскі, 1, 176. Ён жа (2–3, 74) форму сёлета тлумачыць як сцягненне спалучэння сего лета: сео́лета > сёлета. Хутчэй непасрэдна са спалучэння *se (н. р. ад *sь) і ле́та з пераносам націску і пераходам е ў ё (Шымкевіч запісваў яшчэ сё‑лѣта ‘гэтага году’, гл. Шымк. Собр.). Параўн. энклітычнае ўжыванне *sь у ле́тась ‘мінулым летам’ (гл.).

Сёлетка ‘цялушка-сяголетак’ (барыс., Сл. ПЗБ; Нас., Касп., Шатал.), сёлетак, сёлетка ‘гэтага году (птушка і г. д.)’ (Янк. 3.), сілято́чык ‘тс’ (Бяльк.), сёлітнік ‘сяголетак’ (глыб., Сл. ПЗБ). Суфіксальны дэрыват ад сёлета (гл.). Да сёлета, сёлетні (гл.).

Сёма́ка ‘бёрда, якое разлічана на сем пасмаў асновы’ (ельск., Уладз.). Да сем (гл.). Сюды ж і міждыялектныя сінонімы гэтага слова з іншымі суфіксамі: сему́ха, седьмо́ўка, се́мка, сема́ха, сема́чка.

Сёмга ‘прамысловая рыба сямейства ласасёвых’ (ТСБМ), звычайна ласо́сь (Ласт.; гл.). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), з рус. сёмга, якое вядома з 1526 г.; ст.-рус. семга (1625 г.). Не мае пэўнай этымалогіі; лічаць запазычаннем з фін. tonka, Р. скл. tongan ‘від дробнага ласося’ ці з лац. salmo ‘ласось’ або тур. semek ‘рыба’. Падрабязна гл. Фасмер (3, 598).

Сёмісты ‘ў крапінку, рабы’: сёміста курыца (Скарбы), сі́мынисти ‘рабаціністы’ (пруж., Ск. нар. мовы). Магчыма, да се́мя ‘насенне льну’, г. зн. як бы ‘пасыпаная семем’, параўн. укр. дыял. сіме́ня ‘рабая курыца’, семена́стий ‘у крапінку, пярэсты’, што выводзіцца з сі́мʼя ‘насенне’ (ЕСУМ, 5, 254).

Сёмуха ‘свята на пяцідзесяці дзень (праз сем тыдняў) пасля Вялікадня’ (ТСБМ, Шат., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі; Сл. ПЗБ), ‘пятніца сёмага тыдня пасля Вялікадня, Духаўская пятніца’ (Нас.), сёміца ‘тс’ (паст., Сл. ПЗБ), сёмка ‘сёмуха’, ‘субота перад Троіцай’ (глыб., Сл. ПЗБ). Да сёмы (гл.); параўн. рус. семи́к, седми́чник ‘чацвер на сёмым тыдні пасля Вялікадня’ (Праабражэнскі, 2, 224–225; Фасмер, 3, 599). Сюды ж сёмушка ‘галінкі дрэў, маладыя дрэўцы, якімі ўпрыгожваюць на Тройцу хату, падворак’, сёмушнія дзяды́ ‘памінальны дзень праз тыдзень пасля Тройцы’ (Сл. ПЗБ).