Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Сёма́ка ‘бёрда, якое разлічана на сем пасмаў асновы’ (ельск., Уладз.). Да сем (гл.). Сюды ж і міждыялектныя сінонімы гэтага слова з іншымі суфіксамі: сему́ха, седьмо́ўка, се́мка, сема́ха, сема́чка.

Сёмга ‘прамысловая рыба сямейства ласасёвых’ (ТСБМ), звычайна ласо́сь (Ласт.; гл.). Паводле Крукоўскага (Уплыў, 73), з рус. сёмга, якое вядома з 1526 г.; ст.-рус. семга (1625 г.). Не мае пэўнай этымалогіі; лічаць запазычаннем з фін. tonka, Р. скл. tongan ‘від дробнага ласося’ ці з лац. salmo ‘ласось’ або тур. semek ‘рыба’. Падрабязна гл. Фасмер (3, 598).

Сёмісты ‘ў крапінку, рабы’: сёміста курыца (Скарбы), сі́мынисти ‘рабаціністы’ (пруж., Ск. нар. мовы). Магчыма, да се́мя ‘насенне льну’, г. зн. як бы ‘пасыпаная семем’, параўн. укр. дыял. сіме́ня ‘рабая курыца’, семена́стий ‘у крапінку, пярэсты’, што выводзіцца з сі́мʼя ‘насенне’ (ЕСУМ, 5, 254).

Сёмуха ‘свята на пяцідзесяці дзень (праз сем тыдняў) пасля Вялікадня’ (ТСБМ, Шат., Др.-Падб., Байк. і Некр., Сержп. Прымхі; Сл. ПЗБ), ‘пятніца сёмага тыдня пасля Вялікадня, Духаўская пятніца’ (Нас.), сёміца ‘тс’ (паст., Сл. ПЗБ), сёмка ‘сёмуха’, ‘субота перад Троіцай’ (глыб., Сл. ПЗБ). Да сёмы (гл.); параўн. рус. семи́к, седми́чник ‘чацвер на сёмым тыдні пасля Вялікадня’ (Праабражэнскі, 2, 224–225; Фасмер, 3, 599). Сюды ж сёмушка ‘галінкі дрэў, маладыя дрэўцы, якімі ўпрыгожваюць на Тройцу хату, падворак’, сёмушнія дзяды́ ‘памінальны дзень праз тыдзень пасля Тройцы’ (Сл. ПЗБ).

Сёмы ‘парадкавы лічэбнік да сем’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр.). Укр. сьо́мий, рус. седьмо́й, дыял. сёмый, семой, ст.-рус. семыи, ст.-слав. седмъ, польск. siódmy, в.-луж. sedmy, н.-луж. sedymy, чэш. sedmý, славац. siedmy, серб.-харв. се̑дми̑, славен. sédmi, балг. се́дми, макед. седми ‘тс’. Прасл. *sedmъ з *sebdmъ, параўн. ст.-прус. septmas, ст.-літ. sẽkmas, ст.-інд. saptamás, лац. septimus. Гл. Траўтман, 257; Мюленбах-Эндзелін, 3, 818; Фасмер, 3, 591; БЕР, 6, 584. І.‑е. *septm̥ó‑ ‘сёмы’, утвораны ад лічэбніка *septm̥ ‘сем’. У праславянскай адбылася асіміляцыя і спрашчэнне групы зычных: *sept​ə > *septmó > *se(ь)dmъ > *sedmъ, гл. Борысь, 549. Ва ўсходнеславянскіх мовах яшчэ dm → m.