Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Слабада́1 гіст. ‘у XI–XVI стст. сяліба вольных людзей, прадмесце’, ‘вялікае гандлёвае ці прамысловае сяло, пасёлак’; памянш. слабо́дка (ТСБМ, Ласт.), ‘гаспадарчае пасяленне сялян, вызваленых ад прыгону, на пэўнай адлегласці ад сяла’ (Пятк. 2). Укр., рус. слобода́, ст.-рус. свобода, слобода ‘тс’, ст.-польск. sloboda ‘невялікі пасёлак, пасяленне сялян’, гл. слабода. Трубачоў (История терм., 170) першаснае тэрміналагічнае значэнне дэфінуе як ‘сумесна жывучая роднасная група’ (гл. свабода), якое потым зазнала значныя змены. У рус., бел., укр. формах з націскам на канцы ён адзначае старажытную інтанацыйную асаблівасць, характэрную для зборных дэрыватаў. Карскі (1, 145) пры серб. слобо́да ‘свабода’ лічыць канцавы націск у слове заканамерным.

Слабада́2 ‘агульная назва скаціны’ (Арх. Федар.; пруж., івац., ДАБМ, камент., 887), ‘статак кароў’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, з слабы (гл.) з суф. ‑oda, які яшчэ праславянскі (гл. Слаўскі, SP, 1, 63); семантычная паралель у худоба (гл.) ад худы.

Слабіна́ ‘нетрывалае, слабое месца’ (ТСБМ), ‘воля, свабода, безнагляднасць’, ‘нядужы, хілы чалавек’ (Яўс.), сла́бінка ‘слабасць, недахоп’ (Нар. Гом.), сюды ж слабе́нё (słabienio) ‘бакавая частка жывата да клуба’ (Арх. Федар.). Параўн. укр. слабина́ ‘слабасць’, ‘пахвіна ў жывёлы’, рус. слабина́, в.-луж. słabina, н.-луж. słabina, чэш. slabina, славац. slabina, серб.-харв. сла̀бина, балг. слабина́, макед. слабина ‘пахвіна’. Прасл. *slabina ‘слабіна’, вытворнае ад *slabъ (гл. слабы), параўноўваюць з літ. pa‑slẽpenes ‘пахвіна’ (Голуб-Копечны, 335; БЕР, 6, 828).

Слабня́к ‘апошні асенні рой’ (Анох.). Да слабы (гл.).

Слабо́да ‘свабода, воля, вольнасць’ (Нас., Шат., Касп., Бяльк., Сержп., Мал., Ян., Янк. 1, Выг., Сл. ПЗБ, ТС), ‘свабода’, ‘адпачынак’ (Сл. ПЗБ), слабода і слабада ‘воля, вольнасць’ (Пятк. 2), слобо́да ‘свабода’ (ТС). Укр. слобода́, рус. дыял. слобо́да, ст.-рус. слобода, чэш. дыял. sloboda, славац. sloboda, серб.-харв. слобо̀да, славен. slobóda, балг. слобода́ ‘тс’, макед. слобода. Паводле БЕР (6, 884–886), ужо прасл. *sloboda. Супраць праславянскага характару Фасмер (3, 672–673), таму што засведчаныя прыклады ўсе даволі познія. З *svoboda (гл. свабода) у выніку дысіміляцыі vb > lb; гл. Фасмер, там жа; Гуер у Махэка₂, 597; Міклашыч, 332; Праабражэнскі, 2, 322–323; Младэнаў, 591; Сольмсен, РФВ, 49, 51. Трубачоў (История терм., 171) дапускае магчымасць пераходу v – l на стадыі існавання v як сананта . Борысь (Czak. stud., 44) на падставе харв. чак. sloba ‘свабода’, якое выводзіцца з *svobа ‘тс’, мяркуе, што дысіміляцыя павінна была адбыцца вельмі рана, пакуль захоўвалася білабіяльная вымова v. Іншыя аўтары лічыліся з уплывам кораня *slav‑ (гл. слава, славянін), гл. Атрэмбскі, LP, 1, 143; таксама *slabъ (гл. слабы), гл. Брандт, РФВ, 24, 184; ЕСУМ, 5, 305–306. Карскі (1, 341) сумняваецца ў фанетычным характары змены і далучаецца да меркавання Брандта, адзначаючы даўні яе характар.

Слабы́ ‘які мае невялікую фізічную сілу, недастаткова дужы’, ‘нямоцны, нетрывалы’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Касп.; гродз., брэсц., ЛА, 5), ‘мізэрны, слабасільны, хілы, кволы’ (Ласт.), сла́бы(й) ‘тс’ (Бяльк., ЛА, 5). Укр. слаби́й, рус. сла́бый, ст.-рус. слабъ, польск., в.-луж., н.-луж. słaby, чэш. slabý, серб.-харв. сла̏б, славен. slàb, балг. слаб ‘слабы, худы, хілы’, макед. слаб ‘тс’, ст.-слав. слабъ. Прасл. *slabъ. Роднасныя: літ. slõbti, slobstù, slabaũ ‘слабець, траціць прытомнасць’, лат. slãbt ‘абмякнуць, панікнуць’, ст.-в.-ням. slaf ‘слабы, вялы’, с.-в.-ням., н.-ням. slap ‘тс’, гоц. slēpan ‘спаць’, магчыма, лац. labor, labi ‘падаю, кульгаю’, laborāre ‘цяжка працую, падаю ад стомленасці’; гл. Младэнаў, 588; Праабражэнскі, 2, 316–317; Фасмер, 3, 664; Траўтман, 270; Вальдэ-Гофман, 1, 739; Махэк₂, 551. Скок, 3, 277; ЕСУМ, 5, 294; Брукнер, 499 лічаць слова славяна-германскім, а балцкія формы разглядаюць як запазычанні з польскага. Райхельт (KZ, 39, 25), Праабражэнскі (там жа), Скок (там жа) і інш. рэканструююць і.-е. аснову *(s)lab‑, *(s)lōb‑ > лац. lābor, labi ‘слізгаць, праслізгваць’; гэту лацінскую паралель прымае і Фасмер (там жа). Махэк₂ (551) даўгату а ў славянскім слове, параўнальна, напрыклад, з ст.-в.-ням. формай, лічыць экспрэсіўным падаўжэннем. Борысь (537) узводзіць да і.-е. *(s)lē̆b‑/*(s)lō̆b‑/*(s)lā̆b‑ ‘быць абвіслым, слабым’. Гл. яшчэ БЕР (6, 824–827) з аглядам іншых версій.

Сла́ва ‘шырокая вядомасць, прызнанне’ (Гарэц., Кос., Некр. і Байк.), ‘рэпутацыя’ (Ласт., Федар. 4, Пятк. 2), ‘думка іншых людзей’ (Сержп.), ‘ганьба’ (Ян.), ‘ганьба, дрэнная погаласка’, ‘ацэнка, рэпутацыя’ (ТС), ‘чуткі, размовы’ (ТСБМ), ‘хвала, гонар’ (Гарэц., Некр. і Байк.). ст.-бел. слава ‘агульная думка, рэпутацыя; хвала, гонар; шырокая вядомасць’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 77). Укр., рус. сла́ва, польск., в.-луж., н.-луж. sława, чэш., славац. sláva, серб.-харв. сла̏ва ‘слава, праслаўленне’, ‘свята ў гонар пэўнага святога’, славен. sláva, балг. сла́ва, макед. слава ‘праслаўленне, родавае свята’, ст.-слав. слава. Прасл. *slava. Як сцвярджае Махэк₂ (552), поствербальны дэрыват ад прасл. *slaviti. Звязана чаргаваннем галосных з слова (гл.). Роднасныя літ. slóvẽ ‘гонар; хвала’, šlãvinti ‘славіць’, лат. slava, slave ‘пагалоска; слава’, грэч. χλέος ‘слава’, ст.-інд. çrávas н. р. ‘хвала, слава, гонар’; гл. Траўтман, 307 і наст.; Мее, Études, 208; Буга, РФВ, 75; 145; Фасмер, 3, 664 з літ-рай. Корань *slav‑/*‑slav‑ часта сустракаецца ў славянскіх складаных імёнах тыпу: Славамір, Станіслаў, Барыслаў і пад. Гл. яшчэ БЕР, 6, 829–830. Сла́віць ‘праслаўляць’ узыходзіць да прасл. *slaviti, параўн. укр. сла́вити, рус. сла́вить, польск. sławić, в.-луж. sławić, н.-луж. sławić, чэш. slaviti, славац. slaviť, серб.-харв. сла̏вити, славен. slavíti, балг. сла́вя, макед. слави, ст.-слав. славити. Гл. аб дзеяслове Фасмер, 3, 664; БЕР, 6, 833 з аглядам літ-ры. Праблему складаюць адносіны назоўніка і дзеяслова. Трубачоў (SlW, 33) сцвярджае, што *slava > *slaviti, падобна да іншых выпадкаў утварэння каузатыўных дзеясловаў ад назоўнікаў тыпу *bava > *baviti, *trava > *traviti і пад., г. зн. слова ўяўляецца як сярэдняе звяно дэрывацыйнага рада: *sluti (гл. слыць) > slava > *slaviti, гл. таксама Трубачоў, Труды, 1, 148–150. Супрацьлеглага пункта погляду, выказанага Махэкам₂ (там жа), прытрымліваюцца Немец (SlW, 20 і наст.) і Шаўр (Slavia, 49, 1–2, 19–25), згодна з якімі слова паходзіць ад *slaviti, утворанага шляхам дэпрэфіксацыі *proslaviti, *oslaviti, паколькі прэфіксальныя формы больш раннія за непрэфіксальныя, паводле матэрыялаў “Слоўніка стараславянскай мовы”; развіццё уяўляецца як sluti > *oslaviti > *oslava > *slaviti > *slava, паколькі першапачаткова *slaviti не значыла ‘праслаўляць’, а ‘пашыраць добрыя звесткі аб некім’, што неістотна. Адносіны *slava да *slova (гл. слова), паводле Ломы (Пракосово, 171), уяўляюцца наступным чынам: або *slava ад *slova шляхам падаўжэння карэннай галоснай o > a, або як поствербатыў ад дзеяслова *slaviti, які ў сваю чаргу з’яўляецца ітэратывам ад *sloviti ‘выслаўляць, выражаць’, што ўтварыўся як дэмінатыў ад *slovo.

Слава́р ‘слоўнік’ (Гарэц.). Параўн. рус. слова́рь, славен. slovar ‘тс’. Запазычана з рускай мовы. Чэшская крыніца для славянскіх моў адмаўляецца, гл. Басай-Сяткоўскі, Słownik, 322.

Славі́ст ‘спецыяліст у галіне славістыкі, славянскай філалогіі’, славі́стыка, славісты́чны, якія ад ням. Slavist, Slawist (з 1‑й пал. XIX ст.) < лацінскай назвы славян S(c)lāvī (гл. славянін) (Рэйзак, 580) або ад лац. slavus ‘славянскі’ (Голуб-Ліер, 441).

Сла́віць, сла́віцца ‘мець славу, шырокую вядомасць у якіх-небудзь адносінах; усхвалявацца, праслаўляцца, ушаноўвацца’. Гл. слава.

Славу́ты ‘агульнавядомы; праслаўлены’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Байк. і Некр.), сюды ж ст.-бел. словутичъ ‘слаўны, славуты (пры звароце да каго-небудзь’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. славу́тний ‘тс’, рус. дыял. слову́тный ‘славуты, шанаваны, багаты’, преслову́тый ‘праслаўлены’, стараж.-рус. словутьнъ, ст.-рус. Словутичь — эпітэт Дняпра, польск. sławętny, sławetny (набліжана да sławaБрукнер, 499), каш. słavutny, słavuty, чэш., славац. slovutný. Дэрываты ад *slovǫtъ, першаснага незалежнага дзеепрыметніка цяп. часу ад прасл. *slovǫ, *sluti, гл. слыць (Фасмер, 3, 673; Махэк₂, 557). Паўночнаславянская інавацыя *slovǫtъ, *slovǫtьnъ. Славэ́тны ‘знаны, праслаўлены’ (Ласт.) запазычана з польскай. Гл. яшчэ Басай-Сяткоўскі, Słownik, 320–321 (адмаўляецца чэшскае паходжанне слова).