Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скарачэнні

Слуга́ ‘чалавек для асабістых паслуг, прыслужнік’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Сцяшк., Жд. 1, 2, Нар. сл.), слу́га ‘пашана, якую выказваюць дзеці ручкай старэйшым’ (Нас.), сюды ж слугава́ць ‘прыслужваць’ (ТСБМ). Укр., рус. слуга́, стараж.-рус. слуга, польск. sługa, чэш., славац. sluha, серб.-харв. слу́га, славен. slúga, балг. слуга́, макед. слуга, ст.-слав. слоуга. Прасл. *sluga. Роднасныя ў балтыйскіх і кельцкіх мовах: літ. slaugýti, slaugaũ ‘падтрымліваць, дапамагаць’, slaugà ‘паслуга; слуга’, ірл. slúag ‘атрад’, teglach (< *tegoslougo‑) ‘дамачадцы’ і інш.; гл. Траўтман, 269; Буга, РФВ, 66, 248 і наст.; Махэк₂, 557; Фасмер, 3, 676 з аглядам літ-ры. З прычыны ізаляванасці слова ў славянскіх мовах і няяснасці словаўтварэння (практычнай адсутнасці суф. ‑г(а)) шэраг этымолагаў (Шахматаў, AfslPh, 33, 92; Файст, WuS, 6, 45, Мікала, РФВ, 48, 273) лічаць слова запазычаннем з кельцкай. Катэгарычна супраць Фасмер (там жа), Лер–Сплавінскі (RS, 18, 6). Слаўскі (SP, 1, 60) следам за Вондракам (Vergl. gr., 1, 400) бачыць тут стары і.-е. суфікс ‑a, які ўтвараў nomina agentis. Што датычыцца кораня слова, то на славянскай глебе яго звязвалі з *slū‑ (гл. слынуць), гл. Міклашыч (308), але наяўнасць групы sl‑ у літоўскай і кельцкай паралелях сведчыць аб немагчымасці гэтай роднасці, гл. Фасмер, там жа. Борысь (560) рэканструюе семантыку і.-е. дыял. (балтаславянскае і кельцкае) *slau̯gā ‘дружына (воінаў)’ > ‘дапамога, паслуга’ > ‘той, хто дапамагае, робіць паслугі’. Бязлай (3, 266–267) узводзіць да і.-е. *slou̯gā ‘дапамога, служба’. Ад слуга ўтвораны дзеяслоў служы́ць ‘працаваць па найме ў сферы разумовай або фізічнай працы, звязанай не з вытворчасцю, а з абслугоўваннем каго-небудзь, чаго-небудзь’, ‘выконваць воінскія абавязкі’, ‘выконваць абавязкі слугі, прыслугі’, ‘выконваць якія-небудзь абавязкі ў адносінах да каго-небудзь; выконваць чыю-небудзь волю’; прасл. *služiti; гл. Борысь, там жа.

Слу́два ‘закалец у хлебе’, перан. ‘шчыльны, спрасаваны іл’ (ТС). Укр. слу́два ‘скала; сталактыт’, рус. дыял. слу́да ‘круты бераг ракі’, ‘камяністая глеба’, стараж.-рус. слуда, слуды, Р. скл. слудъве (адкуль беларуская і ўкраінская формы), ‘гара, круча, уцёс’, ц.-слав. слудъвьнъ ‘абрывісты, круты’. Параўноўвалі (Міклашыч, 308) з рус. слуд ‘заліўны луг’, слудь ‘шарон’, якое, магчыма, мае і.-е. паралелі: нарв. sludd, дац. slud ‘снег і дождж упярэмешку’, нова-в.-ням. Schlott, Schlutt ‘гразь; адліга’, с.-н.-ням. slôten мн. л. ‘град’, slôt ‘іл, лужа’; гл. Фасмер, 3, 676–677; далейшыя сувязі няясныя. Гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 309–310.

Слу́жачы ‘службовец, чалавек на дзяржаўнай службе’ (ТСБМ). Субстантываваны дзеепрыметнік ад служы́ць < *služiti, параўн. укр. служи́ти, рус. служи́ть, польск. służyć, чэш. sloužili, в.-луж. služić, н.-луж. služyś, славен. slúžiti, серб.-харв. слу́жити ‘быць на службе; абслугоўваць, частаваць’, балг. слу́жа ‘быць на службе; карыстацца, валодаць’, макед. служи ‘быць на службе; абслугоўваць’, ст.-слав. слоужити ‘тс’, якім адпавядаюць літ. slaugýti ‘падтрымоўваць, дапамагаць’, slaugà ‘служба, служэнне’, суадносныя з слуга (гл.). Магчыма, запазычана з рускай мовы, параўн. народнае слуга́чы ‘служка’ (Нас.), якое ў сваю чаргу можна суаднесці з польск. służący ‘тс’.

Слу́жба ‘работа, заняткі; месца работы’, ‘богаслужэнне’, ‘выкананне воінскіх абавязкаў’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Шат., Бяльк., Пятк. 2, Сцяшк., Сл. ПЗБ), ст.-бел. служба ‘выкананне воінскіх абавязкаў; прыгон, прымус; богаслужэнне, выкананне святарскіх абавязкаў’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 67–68). Параўн. укр., рус. слу́жба, стараж.-рус. служьба, польск. służba, серб.-харв. слу́жба, славен. služba, балг. слу́жба, макед. служба. Прасл. *služьba, утворана ад *služiti ‘служыць’ з суф. ‑ьb(a); гл. Слаўскі, SP, 1, 61; Махэк₂, 557.

Службо́вік ‘кілішак’, службо́вая чарка ‘чарка ёмістасцю 100 грам’ (Скарбы). Да службовы (гл. служба), відаць, пераўтварэнне старога казённы, г. зн. ‘мера, зацверджаная дзяржавай (казной)’.

Службі́ста ‘добры працаўнік’ (смарг., беласт., Сл. ПЗБ). З польск. służbista ‘тс’. Таксама з польскай прыметнік службо́вы (ТСБМ) < służbowy і дыял. служонца, служо́нцая ‘служанка’ (Сл. ПЗБ) < służący.

Служы́ць. Гл. слуга.

Слука́ ‘слонка’ (Байк. і Некр., Пятк. 2, ПСл), ‘казадой’ (саліг., Нар. словатв.), слук ‘чырвоны лясны кулік, вальдшнэп, Scolopax rusticola L.’ (Меер Крыч.), слука́, слуква́, слухва́ ‘тс’ (усх.-палес., стол., Нікан.), случа ‘тс’ (Інстр. 2). Укр. слу́ква ‘тс’, рус. дыял. слу́ка́, польск. słonka, дыял. słęka, ст.-польск. ‘бакас’, н- луж. sluka, чэш. sluka, дыял. slúka, славац. sluka, серб.-харв. слу̏ка, шљу̏ка, славен. slọ́ka ‘тс’. Праслав. *slǫka. Роднасныя літ. slanká ‘кулік’, лат. slùoka ‘слонка’, ст.-прус. slanke ‘вялікі кулік’ (Траўтман, 268; Мюленбах-Эндзелін, 3, 944). Далей па розных матывах дапускаюць роднасць з літ. sliñkti ‘красціся, прабірацца’, slankà ‘той, хто ходзіць крадучыся’, лат. slìkt ‘красціся’, ст.-в.-ням. slingan ‘варушыцца, хістацца’ і г. д. (Зубаты, LF, 20, 406 і наст., Махэк₂, 558), таму што птушка мае “згорбленую, крадучуюся паходку” (Брэм) або амаль не рухаецца ў няволі на працягу дня (Махэк₂, там жа). Бязлай (Eseji, 117) збліжае з польск. ślęczeć ‘сядзець на кукішках’, чэш. дыял. osľaknuť ‘разгультаіцца’, славен. slekniti se ‘пакласціся’. Інакш Брукнер (500), які лічыць назву птушкі гукапераймальнай і параўноўвае з польск. ślęczeć ‘енчыць, павіскваць, скуліць’. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 678; Сной₁, 581; ЕСУМ, 5, 310; Антропаў, Назв. птиц, 360.

Слуп ‘бервяно або тоўсты брус, умацаваны вертыкальна, стаўма’ (ТСБМ, Нас., Шат., Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), памянш. слупо́к (ТСБМ, Сл. ПЗБ), слу́пак (Сл. ПЗБ); слупо́к ‘грубка’ (Сцяшк.), слупе́ц ‘папярочная планка ў граблях, у якую набіваюць зубы’ (Шатал., ЛА, 4). З польск. słup, słupek ‘тс’ (Карскі 1, 356; Цвяткоў, Запіскі 2, 1, 59; Кюнэ, Poln., 98), якое да прасл. *stъlpъ (гл. стоўп), параўн. кантамінаваную форму стлуп (стлупъ) ‘тс’ (Шымк. Собр.).

Слу́па, слупа́ прысл. ‘дубка (станавіцца)’, слупка́ ‘тс’ (ганц., шчуч., Сл. ПЗБ), слупкава́ць ‘станавіцца дубка’ (іўеў., там жа). Да слуп (гл.) па тыпу прыслоўяў на ‑а, параўн. ду́ба, стаяка́ і пад.