Слуга́ ‘чалавек для асабістых паслуг, прыслужнік’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Сцяшк., Жд. 1, 2, Нар. сл.), слу́га ‘пашана, якую выказваюць дзеці ручкай старэйшым’ (Нас.), сюды ж слугава́ць ‘прыслужваць’ (ТСБМ). Укр., рус. слуга́, стараж.-рус. слуга, польск. sługa, чэш., славац. sluha, серб.-харв. слу́га, славен. slúga, балг. слуга́, макед. слуга, ст.-слав. слоуга. Прасл. *sluga. Роднасныя ў балтыйскіх і кельцкіх мовах: літ. slaugýti, slaugaũ ‘падтрымліваць, дапамагаць’, slaugà ‘паслуга; слуга’, ірл. slúag ‘атрад’, teglach (< *tegoslougo‑) ‘дамачадцы’ і інш.; гл. Траўтман, 269; Буга, РФВ, 66, 248 і наст.; Махэк₂, 557; Фасмер, 3, 676 з аглядам літ-ры. З прычыны ізаляванасці слова ў славянскіх мовах і няяснасці словаўтварэння (практычнай адсутнасці суф. ‑г(а)) шэраг этымолагаў (Шахматаў, AfslPh, 33, 92; Файст, WuS, 6, 45, Мікала, РФВ, 48, 273) лічаць слова запазычаннем з кельцкай. Катэгарычна супраць Фасмер (там жа), Лер–Сплавінскі (RS, 18, 6). Слаўскі (SP, 1, 60) следам за Вондракам (Vergl. gr., 1, 400) бачыць тут стары і.-е. суфікс ‑a, які ўтвараў nomina agentis. Што датычыцца кораня слова, то на славянскай глебе яго звязвалі з *slū‑ (гл. слынуць), гл. Міклашыч (308), але наяўнасць групы sl‑ у літоўскай і кельцкай паралелях сведчыць аб немагчымасці гэтай роднасці, гл. Фасмер, там жа. Борысь (560) рэканструюе семантыку і.-е. дыял. (балтаславянскае і кельцкае) *slau̯gā ‘дружына (воінаў)’ > ‘дапамога, паслуга’ > ‘той, хто дапамагае, робіць паслугі’. Бязлай (3, 266–267) узводзіць да і.-е. *slou̯gā ‘дапамога, служба’. Ад слуга ўтвораны дзеяслоў служы́ць ‘працаваць па найме ў сферы разумовай або фізічнай працы, звязанай не з вытворчасцю, а з абслугоўваннем каго-небудзь, чаго-небудзь’, ‘выконваць воінскія абавязкі’, ‘выконваць абавязкі слугі, прыслугі’, ‘выконваць якія-небудзь абавязкі ў адносінах да каго-небудзь; выконваць чыю-небудзь волю’; прасл. *služiti; гл. Борысь, там жа.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)